На пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі 22 ліпеня Лідзія Ярмошына, спаслаўшыся на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, прапанавала паменшыць колькасць назіральнікаў на ўчастках да пяці. Рашэнне прынялі аднагалосна.

Кіраўнік ЦВК нагадала аб тым, што нягледзячы на тое, што сітуацыя з каронавірусам паляпшаецца, яна ўсё роўна працягвае выклікаць насцярожанасць, піша T*T.BY.

Яна спаслалася на дадзеныя Міністэрства аховы здароўя, згодна з якім каля 41 тысячы беларусаў з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, або заражаныя COVID-19 і на карантыне, не лічачы тых, хто ў цяперашні час у бальніцах.

— Я разумею, што гэта будзе непапулярнае рашэнне, але прапаную на перыяд гэтай электаральнай кампаніі паменшыць колькасць назіральнікаў. Да пяці чалавек — у асноўны дзень галасавання. А ў дні датэрміновага галасавання да трох.

Па думку Ярмошынай, такое рашэнне павінна быць прынята дзеля фізічнага здароўя і душэўнага спакою членаў выбарчай камісіі.

— Гэтыя назіральнікі часта навязваюць стыль паводзінаў і дзеянняў членам участковых выбарчых камісій. Я не кажу, што могуць быць і пагрозы фізічнай небяспекі! Дарэчы, спадар Ціханоўскі да свайго затрымання казаў аб грамадзянскіх арыштах членаў выбарчых камісій. То не выключана, што нехта будзе кансультаваць дадзеных асоб [назіральнікаў], каб іх [членаў выбарчых камісій] бралі ў пэўнае кола, для таго каб яны не маглі выконваць свае абавязкі, — заявіла Ярмошына.

Яна таксама параіла членам камісій часова не карыстацца сацсеткамі: «Пакуль яны вас не знішчылі канчаткова, па меншай меры, вашу самаацэнку».

Паводле звестак за 21 ліпеня, цяпер зарэгістравана 42 856 назіральнікаў, колькасць выбарчых участкаў у гэтым годзе складае 5767. Такім чынам, на кожны ўчастак прэтэндуе ўжо больш за 7 назіральнікаў.

Назіральнікі, якім будзе дазволены доступ на ўчасткі, будуць вызначацца па прынцыпе чарговасці — паводле даты атрымання акрэдытацыі.

Прапановы па павелічэнні празрыстасці выбараў разглядаць адмовіліся

На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі кандыдатаў Святланы Ціханоўскай і Андрэя Дзмітрыева, піша «Радыё С**бода». Сябра ЦВК з дарадчым голасам Павел Дзік, накіраваны Ціханоўскай, прапанаваў паказваць назіральнікам кожны бюлетэнь падчас падліку галасоў і аб’яўляць прамежкавыя вынікі падліку галасоў, а таксама прапанаваў лепш абараняць пломбу на скрынях для галасавання, фіксаваць цэласнасць подпісамі і рабіць фота пломбы. Член ЦВК ад Дзмітрыева падтрымаў прапанову.

У ЦВК палічылі, што калі такія нормы прымуць, камісія выйдзе за свае паўнамоцтвы і стане рэгуляваць такім чынам Выбарчы кодэкс. Прапанову на павестку дня не вынеслі.

Чытайце таксама:
«Не хачу быць датычным да выбараў». Як настаўнік гісторыі ўсё жыццё пражыў пры адным прэзідэнце

«Фальсіфікацыя — цяжкі грэх». Беларускія католікі змагаюцца за сумленныя выбары