Затрыманыя ноччу 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікі замежнай прыватнай ваеннай кампаніі - «вагнераўцы», грамадзяне Расіі, паведамляе БелТА. Яшчэ аднаго чалавека затрымалі на поўдні Беларусі. Сілавыя ведамствы не каментую сітуацыю, МЗС Расіі папрасілі даслаць афіцыйны запыт для атрымання каментара.

Сёння з’явілася інфармацыя ад дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, што пад Мінскам затрымалі групу замежных баевікоў. Толькі праз дзве гадзіны выданне апублікавала падрабязнасці. Пры гэтым прэс-служба КДБ недаступная для каментароў, піша T*T.BY. У іншых беларускіх сілавых ведамствах дадатковую інфармацыю таксама атрымаць не ўдалося. У МЗС Расеі папрасілі даслаць афіцыйны запыт для атрымання каментара.

Амбасада Расеі не атрымлівала афіцыйнай інфармацыі ад кампетэнтных органаў Беларусі аб затрыманні расійскіх грамадзян, паведаміў ТАСС амбасадар Расіі Дзмітрый Мезенцаў.

Спасылаючыся на праваахоўныя органы, БелТА піша аб прыбыцці ў Беларусь больш за 200 баевікоў «для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі»:

«Пры сабе расейцы мелі кожны па невялікай ручной паклажы, і на ўсіх — тры вялікія цяжкія валізкі, загрузку якіх у транспартны сродак ажыццяўлялі некалькі мужчын».

У ноч з 24 на 25 ліпеня група засялілася ў адну з гасцініц Мінска і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Мінскага раёна, паведамляе інфармагенцтва.

«Па дадзеных адміністрацыі санаторыя, прыезджыя звярнулі на сябе ўвагу нехарактэрнымі для расійскіх турыстаў паводзінамі і аднастайным адзеннем ў стылі мілітары. Спіртнога не ўжывалі, забаўляльных устаноў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі. Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і асяроддзе санаторыя».

Сёння ноччу 32 чалавекі сіламі групы «А» КДБ пры падтрымцы АМАП ГУУС Менгарвыканкама былі затрыманыя. Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны. У дачыненні да названых асоб Следчым камітэтам праводзіцца праверка.

Таксама БелТА апублікавала спіс затрыманых грамадзян Расійскай Федэрацыі. Некаторыя з гэтых імёнаў фігуруюць у спісах ЧВК Вагнера, апублікаваных у СМІ.

Прыватная ваенная кампанія Вагнера або група Вагнера — неафіцыйная ваенная арганізацыя, якая не ўваходзіць у рэгулярныя ўзброеныя сілы Расеі і не мае юрыдычнага статусу на яе тэрыторыі. Яе ўдзельнікі ваявалі ва Украіне на баку сепаратыстаў і ў Сірыі.