19 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшло пасяджэнне па справе музыкі і журналіста Аляксандра Дзянісава. Яго абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП). Справу спынілі - віну Аляксандра не ўдалося даказаць.

Дзянісава затрымалі 11 жніўня на вуліцы Чырвонаармейскай, калі ён ехаў дадому на ровары. Падчас затрымання Алесю разбілі твар і пашкодзілі нагу. 12 жніўня яго вызвалілі і аддалі ровар зламаным. Пасяджэнне суда перанеслі на 19 жніўня.

Дзянісаў распавёў Hrodna.life, што пасля затрымання яму сказалі, што ён праходзіць па крымінальнай справе. Нібыта, ён падобны на чалавека, якога лічаць арганізатарам несанкцыянаваных масавых акцый, і яго апазналі па касічцы. Праз 2,5 гадзіны міліцыянты папрасілі прабачэння і прызналі, што памыліліся, але на Дзянісава ўсё роўна будзе заведзеная справа аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт.17. 1 КаАП (Дробнае хуліганства).

Па версіі праваахоўнікаў, Дзянісаў каля другога корпуса будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама стукаў нагамі і рукамі ў аўтаматычныя вароты, ужываў нецэнзурную лаянку, не рэагаваў на заклікі супрацоўнікаў АМАПа супакоіцца, чым парушыў грамадскі парадак і выказаў непавагу да грамадства.

Сведкі з міліцыі ў суд не з’явіліся. Відэазапіс з камер назірання не далі. Суддзя Дзяніс Раманішка спыніў адміністрацыйную справу Аляксандра Дзянісава за недаказанасцю віны, паведамілі harodniaspring.org.