У Гродне пачалі крымінальную справу па факце ўдзелу невыяўленых асоб у масавых беспарадках. Гродзенцаў пачалі выклікаць у праваахоўныя органы ў якасці сведак па ёй.

Справа заведзена паводле артыкула 342 КК Беларусі — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Яе расследуе Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці.

Як стала вядома Hrodna.life 25 і 26 жніўня ў праваахоўныя органы ў якасці сведак выклікалі некалькі чалавек:

Сяргей Верамеенка, у краме якога 25 жніўня быў ператрус; Уладзімір Пруднікаў, Дзяніс Швыркін, Ульяна Ляскевіч, Дзмітрый Бандарчук, Ежы Грыгенча, а таксама журналісты Аляксей Кайрыс, Ігар Бублікаў і Сяргей Людкевіч. 27 жніўня з’явіцца ў Следчы камітэт павінен таксама Сяргей Вялічка.

Усе яны маюць статус сведак. Некаторыя з іх ўваходзілі ў Савет грамадскай згоды Гродна, створаны ў складзе прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і органаў выканаўчай і заканадаўчай улады для дыялогу чыноўнікаў з жыхарамі горада і вырашэння грамадскага крызісу.