Прадстаўнікі гарадскіх ветэранскіх арганізацый 2 верасня правялі акцыю «Рукі прэч ад Беларусі» ля Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, піша БЕЛТА.

Людзі прыйшлі да польскага консульства, каб выказаць сваю нязгоду з замежным умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі. «Рукі прэч ад Беларусі», «Беларусь не аддамо», «Гродна — беларускі горад» скандавалі гродзенцы на мірнай акцыі. Усе яны сабраліся, каб праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Беларусь-гэта наш дом. І мы разбярэмся самі, хто і як ім павінен кіраваць, — лічыць удзельніца пікету, член ветэранскай арганізацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Ірына Голайда. — Заўсёды параўноўваю нашу краіну з вялікай сям’ёй. Уявіць цяжка, што будзе, калі ў адну з сем’яў прыйдзе чалавек звонку і будзе дыктаваць свае правілы. Сапраўды гэтак жа і з нашай дзяржавай».

Ветэраны Гродна прыйшлі да польскага консульства заявіць аб "замежным умяшальніцтве"
Акцыя «Рукі прэч ад Беларусі» 2 верасня

Ці быў мітынг санкцыянаваным?

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамілі Hrodna.life, што не валодаюць інфармацыяй, ці быў мітынг узгодненым.

Па законе РБ Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш за 50 метраў ад дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Лукашэнка: «Хочуць адсекчы Гродзенскую вобласць»

Аляксандр Лукашэнка не першы раз кажа аб тым, што ў Беларусі «хочуць адсекчы Гродзенскую вобласць». Ён заявіў, што ў сувязі з гэтым вымушаны быў вялікую колькасць вайскоўцаў перакінуць на заходні кірунак, асабліва ў раён Гродна.

 — Ужо польскія сцягі вывесілі нядаўна. Цяпер Айчына ў небяспецы. Мы не можам жартаваць. Тым больш гэта не слабыя войскі - НАТА, — заявіў ён 21 жніўня.

Напярэдадні кіраўнік Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што ўсе саюзнікі па НАТА паважаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Ён адзначыў, што няма ніякага нарошчвання сіл альянсу ў рэгіёне. І абвінаваціў афіцыйны Мінск у спробе выкарыстоўваць НАТА як апраўданне для разгону мітынгоўцаў, для прымянення гвалту супраць людзей.

Ветэраны Гродна прыйшлі да польскага консульства заявіць аб "замежным умяшальніцтве"
Акцыя «Рукі прэч ад Беларусі» 2 верасня