Вечарам 23 верасня ў цэнтры Гродна чалавек, уцякаючы ад міліцыі, скокнуў у Нёман. Калі ён пераплыў раку, яго затрымалі. Пра гэта распавёў Hrodna.life чытач Мікалай, якія стаў сведкам падзеі.

«Мы з сябрам сядзелі на задняй часткі драмтэатра. Я звярнуў увагу, што ўнізе стаялі людзі ў форме. Праз некаторы час на тэрыторыю тэатра пад’ехаў бус і забраў некалькіх амапаўцаў, але пры гэтым некалькі яшчэ заставалася. Пасля гэтага я звярнуў увагу на сілуэт у Нёмане. Спачатку мы з сябрам падумалі, што чалавек тоне. Як потым аказалася, ён проста дрэнна плаваў».

Мікалай адзначае, што чалавек каля 10 хвілін спрабаваў пераплысці Нёман, а калі даплыў да берага, яго затрымала міліцыя.

«Пад'ехаў бус і побач з бусам бегла яшчэ 5−6 амапаўцаў. І паколькі хлопец ужо быў знясілены з-за халоднай вады і плыні, ён не змог ад іх уцячы», — дадаў Мікалай.

Чытачы Hrodna.life пазналі ў гродзенцы акцёра Тэатра лялек і музыканта Аляксандра Рацько.

Гэта ўжо другі выпадак у верасні, калі гродзенец уцякае ад міліцыі ў раку. 13 верасня Віктар Касцюк выйшаў у цэнтр Гродна ў майцы з нацыянальнай сімволікай і сцягам. Яго паспрабавалі затрымаць супрацоўнікі міліцыі. Ён вымушаны быў уцякаць і, каб выратавацца ад пераследу, пераплыў Нёман. Выбрацца з ракі Віктару дапамаглі выпадковыя мінакі. Яго не затрымалі.