Дакументаліст з Гродна Максім Швед хацеў зафіксаваць настроі людзей напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі. Разам з камандай ён усталяваў камеры ў машынах таксі ў Мінску і Баранавічах.

У стварэнні фільма ўдзельнічалі два кіроўцы таксі. Кожны з іх папярэджваў пасажыраў аб здымцы. У выніку героямі фільма «Маршрут перестроен» сталі каля 40 пасажыраў з рознымі палітычнымі поглядамі.

«У чэрвені мне прапанавалі зняць для „Настоящего времени“ фільм пра выбары ў Беларусі, — распавядае Максім Швед. — Я прапанаваў некалькі варыянтаў, і мы ўзгаднілі тэму — размовы кіроўцаў таксі з пасажырамі. Я сам часам размаўляю з таксістамі на розныя тэмы».

Каманда знайшла герояў-кіроўцаў з супрацьлеглымі меркаваннямі. Ганна падтрымлівае дзеючую ўладу, а Павел хоча пераменаў.

«Я не думаў, што гэтыя выбары стануць пераломнымі ў гісторыі нашай краіны. Мы планавалі зрабіць апошнія здымкі ў Дзень выбараў, калі кожны з таксістаў пойдзе на выбарчы ўчастак. Але падзеі пачалі імкліва развівацца, таму мы працягнулі здымаць і пасля выбараў».

Максіму здаецца, што фільм унікальны тым, што ў ім зафіксаваныя думкі і ідэі беларусаў да пачатку пераменаў у краіне. Рэжысёр лічыць, што з часам карціну можна будзе пераглядаць і аналізаваць.

Пасля выбараў Максіма затрымалі

Максіма Шведа затрымалі 10 жніўня ў Мінску. Яго збілі і даставілі ў адзін са сталічных РАУС. Ён атрымаў 5 сутак арышту.

«Пакуль прыходжу ў сябе пасля ўсіх падзей. Ужо ёсць задумкі новых карцін. Магчыма, рэлізую адну з тэм, звязаных з Гродна».

Пасля выбараў Максім Швед таксама працаваў над дакументальным фільмам аб пратэстах у Беларусі для The Guardian.