Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі каля 12.00 22 кастрычніка ў Гродзенскі дзіцячы хоспіс імя святога Губерта. У хоспісе прайшоў «агляд офісных і іншых памяшканняў» — праходзіць праверка ўхілення службовых асоб і супрацоўнікаў хоспіса ад выплаты падаткаў, як напісана ў дакуменце, які трапіў у распараджэнне рэдакцыі Hrodna.life.

Ператрус ішоў да канца працоўнага дня. Аб яго выніках Hrodna.life пакуль невядома.

Таксама 22 кастрычніка стала вядома, што Дзіцячая паліклініка № 2 у Гродне з 23 снежня 2020 года скасуе дагавор арэнды з Гродзенскім дзіцячым хоспісам. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя, памяшканні будуць выкарыстоўвацца для арганізацыі працы з COVID-19. Юрысты паспрабуюць абскардзіць скасаванне дамовы арэнды, сказала Вольга Hrodna.life. Варыянтаў іншых памяшканняў для хоспіса ў Вялічкі няма.

Хоспіс працуе ў Гродне 13 гадоў. Там дапамагаюць цяжка хворым дзецям прыкладна з 70 сем’яў: аказваюць медыка-сацыяльную, псіхалагічную і духоўную дапамогу невылечна хворым людзям. Падапечным хоспіса ад 0 да 24 гадоў. Гэта людзі з анкалагічнымі і генетычнымі захворваннямі, з паталогіямі нервовай сістэмы. У хоспісе дапамагаюць ім і іх бацькам.

У сацыяльнай майстэрні хоспіса валанцёры ўжо некалькі месяцаў шыюць сродкі індывідуальнай абароны (Сіз) для медыкаў. За месяц можна пашыць каля 700 камбінезонаў.

Гродненский детский хоспис выселяют из помещения. Там помогают тяжелобольным детям и шьют медицинские маски