Следчыя ў Слоніме прыйшлі з ператрусам да галоўнай рэдактаркі недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У галоўнай рэдактаркі незалежнай “Газеты Слонімскай” — ператрус
Ганна Валадашчук

Ператрус праводзіцца ў адпаведнасці з санкцыяй пракурора ў сувязі з тым, што ў мясцовых Тэлеграм-каналах з’яўляліся паведамленні з абразамі.

Ганна Валадашчук у размове з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыяцыі журналістаў падкрэсліла, што не мае дачынення ні да якіх Тэлеграм-каналаў і паклёпніцкіх паведамленняў. Ператрус у яе доме працягваецца.

Сёння Ганна Валадашчук была выклікана на 10 гадзін у міліцыю па абвестцы, удакладняе «Газета Слонімская». Пасля гэтага да яе дамоў прыйшлі з ператрусам.

«Газета Слонімская» — беларуская штотыднёвая грамадска-палітычная газета, якая выходзіць у Слоніме. Упершыню выйшла ў 1938 г., адроджаная ў красавіку 1997 года, распаўсюджваецца (разам з газетай «Отдушина») праз уласную сістэму распаўсюджвання ў Слоніме i Слонімскім раёне, а таксама ў суседніх раёнах Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы Беларусі.

Нагадаем, што пасля выбараў 9 жніўня ціск на недзяржаўныя СМІ ўзмацніўся. Яшчэ ў канцы жніўня Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ з Беларусі да шэрагу інфармацыйных рэсурсаў. T*T.BY пазбавілі статусу СМІ. Журналістаў, якія асвятляюць пратэсты ў гарадах Беларусі, рэгулярна затрымліваюць на акцыях і судзяць.