У судзе Лідскага раёна 13 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні Яўгена Вінчы ў гвалтоўных дзеяннях альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), паведамляе harodniaspring.org.

Справу разглядае суддзя Максім Філатаў, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Роўба.

12 жніўня ў цэнтры Ліды каля будынка райвыканкама адбылася акцыя мірнага пратэсту. Сюды прыйшлі таксама святары. Праз нейкі час праваахоўнікі папрасілі ўсіх разысціся. Затым пачаліся жорсткія затрыманні на вуліцах і здзекі над затрыманымі. У адказ пратэстоўцы кінулі некалькі камянёў у міліцэйскі транспарт. Па словах пацярпелых і сведкаў, у здзеках удзельнічалі АМАПаўцы і мясцовыя міліцыянты.

Яўгена Вінчу таксама пры затрыманні збівалі, а потым абвінавацілі ў тым, што юнак учыніў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

На пачатку судовага паседжання пракурор заявіў хадайніцтва пра тое, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме, маўляў, у працэсе ёсць сакрэтныя асобы, якіх нельга падвяргаць небяспецы. Бакі працэсу, пацярпелыя і адвакат абвінавачанага, пагадзіліся. Суд прыняў рашэнне аб закрытым правядзенні слуханняў.

У судзе абвешчаны перапынак да 14:30 23 лістапада.