Камерцыйныя банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы пазык для ўсіх катэгорый крэдытаатрымальнікаў, гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацбанка. Яго падрыхтавалі на аснове апытання топ-мэнэджараў камерцыйных банкаў.

У трэцім квартале камерцыйныя банкі зрабілі больш жорсткімі ўмовы выдачы крэдытаў «для ўсіх катэгорый бізнэсу», адзначаюць аўтары аналітычнага агляду. Таксама сталі больш жорсткімі ўмовы рэфінансавання раней прадастаўленых крэдытаў у замежнай валюце крэдытамі ў беларускіх рублях для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

Сталі больш жорсткімі і патрабаванні да фінансавага становішча ўсіх крэдытаатрымальнікаў: як для бізнесу, так і для фізічных асоб (на спажывецкія патрэбы).

Узмацненне жорсткасці крэдытавання адбылося ў сувязі з недахопам рэсурсаў.

У трэцім квартале пасля прэзідэнцкіх выбараў пагаршэнне палітычнай сітуацыі ў краіне прывяло да адтоку дэпазітаў з камерцыйных банкаў. Для зніжэння ціску на валютны курс беларускага рубля Нацбанк абмежаваў у трэцяй дэкадзе жніўня прадастаўленне камерцыйным банкам рублёвай ліквіднасці. Такія абмежаванні працягнутыя да 19 студзеня. Гэта таксама паўплывала на абвастрэнне праблем з ліквіднасцю для банкаў.

У першым квартале 2021 года камерцыйныя банкі чакаюць змякчэння ўмоў крэдытавання для буйнога бізнэсу, сказана ў аглядзе Нацбанка. Пры гэтым не прыводзіцца абгрунтаванне, з чым гэта можа быць звязана.

— Думаю, урад будзе ціснуць на зніжэнне рублёвых ставак.
Але гэта відавочна і цяпер. Пытанне ў тым, ці дазволіць макраэканоміка гэта зрабіць, — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

Чытайце таксама: Макей: Беларусь приостанавливает диалог по правам человека с Европейским союзом, пока не разморозят программы банков