У Слонімскім раённым судзе разглядаюць справу ў дачыненні да Кацярыны Салевіч, якую абвінавачваюць па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. 21 снежня пацярпелы Сяргей Асколкаў не з’явіўся ў суд праз хваробу: разгляд справы адкладзены да яго выздараўлення, піша spring96.org.

Кацярына Салевіч — жыхарка Слоніма. Яна спецыяліст па арганізацыі дзяржзакупак, мае вышэйшую адукацыю. Цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку: у гэтым годзе ў яе нарадзілася дзіця. Акрамя яго, у сям'і ёсць яшчэ адно пяцігадовае дзіця.

Справу разглядае суддзя Наталля Радзівонік.

Дзяржабвінавачанне прастаўляе Юлія Ягоўдзік.

Кацярыну Салевіч абвінавачваюць у тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале «Слонім для жыцця». Пацярпелым прызнаны міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшы сяржант міліцыі Сяргей Асколкаў, фатаграфію і асабістую інфармацыю якога яна рэпостнула. Паводле матэрыялаў следства, пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне «з тэкстам абразлівага зместу, якія прыніжае гонар і годнасць Асколкава».

У матэрыялах таксама пазначана, што эксперт аддзела лінгвістычных экспертыз УГСКЭ РБ па Гродзенскай вобласці прызнаў адно са слоў у паведамленні «грубым, вульгарным, абразлівым».