Новости

«Каб купіць, прадала кватэру ў Мінску». Новая ўласніца слонімскай сінагогі хоча стварыць фонд для яе аднаўлення

У канцы 2020 года сінагогу XVII стагоддзя ў Слоніме спрабавалі прадаць трэці раз за год. На гэты раз пакупнік знайшоўся. Ім стала дзіцячая пісьменніца з Мінска Ілона Караваева (Іаана Рывз). У інтэрв'ю Realt.by новая гаспадыня будынка расказала, як знайшла сродкі на куплю і што плануе рабіць далей.

Іаана Рыўз (сапраўднае імя Ілона Караваева) — пісьменніца, член Саюза музычных дзеячаў Беларусі і Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан), аўтарка дзіцячай кнігі «Казкі закінутага лесу» (2020) на англійскай і рускай мовах, удзельніца і лаўрэатка міжнародных літаратурных конкурсаў у Лондане і Празе ў 2018 годзе.

— Так, я прадала сваю кватэру ў Мінску і набыла сінагогу ў Слоніме, — прызналася Ілона. — Я ўбачыла аб’яву аб аўкцыёне і стала думаць, як можна дапамагчы захаваць гэты культурны набытак. Як чалавек сферы мастацтва я хацела зрабіць штосьці карыснае для грамадства. Я даведалася, як прыняць удзел у аўкцыёне, затым склала заяўку, і ў выніку, усё атрымалася.

У самім Слоніме новая ўласніца сінагогі пакуль яшчэ не была. З гэтым горадам яе звязваюць выключна апавяданні маці, якая пасля вайны жыла тут разам з бацькамі.

— Мая галоўная мэта — захаваць будынак. Трэба адысці ад аварыйнага стану і паспрабаваць яго аднавіць, — кажа пісьменніца. — Сінагога знаходзіцца ў выдатным месцы. Гэта — цэнтральная вуліца, дзе ёсць дзейны Спаса-Праабражэнскі сабор, адноўлены касцёл Бернардынак. Мне вельмі хочацца, каб аднойчы свае дзверы для гараджан і гасцей горада адкрыла і сінагога. Я веру, што агульнымі намаганнямі нам удасца гэта зрабіць.

Планы на выкарыстанне сінагогі

Гаворачы аб будучыні сінагогі, Ілона Караваева бачыць яе хутчэй, папулярным турыстычным аб’ектам, чым дзейным культавым збудаваннем.

— Наўрад ці гэта будзе дзейная сінагога, бо яўрэяў у горадзе ўжо не засталося. Думаю, што будынак можа стаць кропкай прыцягнення турыстаў — помнікам архітэктуры, на які цікава зірнуць як звонку, так і знутры. Тут на тэрыторыі, магчыма, будзем праводзіць нейкія культурныя мерапрыемствы, канцэрты, а ў невялікіх прыбудовах падумаем над адкрыццём кафэ або сувенірнай крамы.

Для аднаўлення плануе стварыць адмысловы фонд

Пісьменніца разумее, што ўласных сродкаў для аднаўлення будынка ў яе не хопіць. Для гэтага патрэбныя мільёны. Для таго, каб аднавіць сінагогу, Ілона збіраецца ініцыяваць стварэнне спецыяльнага фонду. Па ўмовах аўкцыёну новы ўласнік павінен у працягу 2-х гадоў прадаставіць праектную дакументацыю. На працягу 5 гадоў трэба зрабіць праект рэканструкцыі будынка.

У планах мінчанкі — наладзіць кантакты з усімі, хто зацікаўлены ў адраджэнні слонімскай сінагогі. Гаворка ідзе ў тым ліку і аб брытанскім Фондзе яўрэйскай спадчыны. Гэты фонд раней планаваў выкупіць сінагогу. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.

Першы раз слонімскую синагогу выставілі на аўкцыён у пачатку лета гэтага года. Помнік архітэктуры, пабудаваны ў 1642 годзе, першапачаткова ацанілі ў 137 тысяч рублёў. З траўня па снежань аб аўкцыёнах абвяшчалася тройчы, але пакупнікоў не было. У выніку, да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тысяч рублёў.

Слонімская сінагога — помнік барочнай архітэктуры. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічаў да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся склад і гандлёвыя памяшкання. Унутры захавалася частка рэльефаў і роспісаў. Будынак пустуе з 1990-х гадоў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Колькасць вакансій у Гродне за паўтара года вырасла ўдвая. Больш за палову зараз — працоўных прафесій

У рэспубліканскім банку вакансій у Гродзенскай вобласці зарэгістравана 20 125 вакансій, з іх 6 908…

20 верасня 2024

Мост пад Гроднам, які змыла летам, аднаўляюць. У канструкцыі ўлічаць змену клімату

Мост праз раку Лашанку пад Гроднам, якое змыла моцным ліўнем у жніўні, пачалі будаваць нанова.…

20 верасня 2024

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024