Новости

«Дробязь». Амапавец у судзе распавёў пра пабоі, за якія гродзенцу пагражае да 6 гадоў турмы

Пацярпелы амапавец Башко (прозвішча зменена) 12 студзеня прызнаў у судзе Ленінскага раёна Гродна, што рэальнай пагрозы яго здароўю і жыцця не было, а цялесныя пашкоджанні назваў «дробязямі». Тым часам за гвалт у адрас яго і яго калегі Заяц (прозвішча змененае) 11 студзеня пачалі судзіць чатырох гродзенцаў. Па арт.364 КК ім пагражае да шасці гадоў турмы.

Што адбылося паводле версіі дзяржаўнага абвінавачання?

На прыпынку грамадскага транспарту «Усход» 27 верасня жыхар Мастоў Андрэй Севяртока наўмысна нанёс супрацоўніцы АМАП Заяц адзін удар кулаком у галаву, адзін — нагой па правай назе. У гэты час Міхаіл Яфімовіч наўмысна кінуў у Заяц невыяўлены прадмет, які трапіў у вобласць грудзей. Пасля чаго Міхаіл Юдзін наўмысна нанёс амапаўцу Башко адзін удар нагой па целе, адзін рукой па руцэ, і два — рукой у вобласць галавы. Адначасова з гэтым Вадзім Хіжнякоў наўмысна кінуў у Башко невыяўлены прадмет.

Гродзенцаў пачалі судзіць па арт. 364 КК — Гвалт ці пагроза прымянення гвалту ў адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў. Жыхару Мастоў Андрэю Севяртоку таксама прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 413 КК — Уцёкі з-пад варты.

Шесть лет тюрьмы за брошенный стаканчик. В Гродно продолжился суд за насилие над ОМОНовцами

Сілавікоў схавалі дзеля іх бяспекі

Сілавікоў Заяц і Башко апыталі ў судзе 12 студзеня. Іх прозвішчы змянілі і дапытвалі, не паказваючы, дзеля іх бяспекі. Заяц паведаміла, што яна — супрацоўнік органаў унутраных спраў. Назваць канкрэтнае падраздзяленне адмовілася, баючыся за сваё жыццё і здароўе.

Па словах Заяц, 27 верасня яна прыехала да «Галактыкі» для аховы правапарадку. Экіпіроўку выкарыстала, таму што там маглі здзейсніць правапарушэнне або злачынства. Да гэтага, па яе словах, гродзенцы «агрэсіўна сябе паводзілі». Гэта, па версіі Заяц, выяўлялася ў тым, што яны хадзілі, пляскалі ў далоні і крычалі. Супрацоўнікі РАУС папярэджвалі гродзенцаў аб правапарушэнні і прасілі разысціся.

Пасля удараў абвінавачаных у Заяц удар мяккіх тканін і крывападцёк на правай галёнцы. Па словах Заяц, ударам папярэднічала затрыманне маладога чалавека каля тытунёвага кіёска. Супрацоўніца не адказала, як менавіта затрымлівалі гродзенца: ці прадставіліся сілавікі, ці патлумачылі яму, за што затрымліваюць, ці ўжылі сілу. Адкуль ёй стала вядома, што гвалт да яе і калегі ўжылі Хіжнякоў, Юдзін, Севяртока і Яфімовіч, таксама не патлумачыла.

«Неадэкватна сябе паводзілі, крычалі «Жыве Беларусь!»

Пацярпелы Башко працуе ў АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама. Ён займаецца аховай грамадскага парадку, можа прысутнічаць пры затрыманні злачынцаў, аказвае сілавую дапамогу калегам.

27 верасня яны з калегамі заступілі на ахову грамадскага парадку. Прыехаўшы да «Галактыкі» на аўтобусе, яны ўбачылі «неадэкватныя паводзіны людзей, якія крычалі „Жыве Беларусь“, агрэсіўна сябе паводзілі, хадзілі, бегалі туды-сюды». Як пры гэтым парушаўся грамадскі парадак і што азначае «паводзілі сябе неадэкватна», мужчына не адказаў.

Башко ўбачыў, што Заяц ўдарылі і пайшоў ёй дапамагчы. У гэты час хтосьці яго ўдарыў, выбіў з рук газавы балончык і ўцёк.

На пытанне аб фізічным болю і пабоях, якія фігуруюць у справе, ён адказаў: «Ну, мне адразу было балюча». На пытанне аб пабоях сказаў: «Я дробязі не памятаю».

 — Ці былі вам прычыненыя фізічны боль і пабоі? — запыталася адвакатка.

 — Не, не было.

 — Што вы разумееце пад пабоямі? — удакладніў пракурор.

 — Сінякі.

Сінякоў і крывападцёкаў у Башко не было. Ці кідаў хтосьці з абвінавачаных бутэлькі, ён не памятаў. Затым Башко адказаў, што недзе міма яго праляцела бутэлька.

Амапавец: фактычнай пагрозы жыцця і здароўю не было

На большасць пытанняў у судзе ён адказваў «не памятаю», а пазней заявіў, што «быў у шоку». Адвакат удакладніла, ці праходзіў ён псіхалагічнае навучанне, раз у экіпіроўцы сярод бяззбройных людзей ён быў у шоку.

Башко мяняў паказанні. Спачатку ён сказаў, што баяўся за сябе. Пазней сказаў, што фактычнай пагрозы жыцця і здароўю не было.

 — Як вы лічыце, вы дзейнічалі ў адпаведнасці з законам? — удакладніла адна з адвакатаў.

— Так.

 — Дык чаго вы тады баіцеся?

Суддзя зняў пытанне.

Пацярпелыя не заявілі іск аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Падзяліцца
Меткі: законсуды

Апошнія запісы

Магічны відэарэгістратар. Збітаму ДАІшнікамі рабочаму не паверыў мясцовы суд — але ў яго ёсць шанец іх пакараць

Рабочага Белспажыўтаварыства збілі двое ДАІшнікаў - у іх аўтамабілі і кабінеце РАУС. Пра гэта ён…

7 мая 2024

«Вольнае валоданне літоўскай, англійскай, польскай, нямецкай». ТОП-5 самых аплочваемых вакансій Гродзенскай вобласці

У пяцёрцы самых прыбытковых вакансій – дырэктар, кіраўнікі зменаў і аддзелаў, а таксама маркетолаг. Hrodna.life…

7 мая 2024

На «Гродна Азот» забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт

На «Гродна Азот» і прадпрыемствах, у якіх ён выступае заснавальнікам, супрацоўнікам забароняць карыстацца смартфонамі і…

6 мая 2024

Вайскоўцы кампенсавалі шкоду пацярпеламу гродзенцу — а цяпер забіраюць грошы ў вінаватых

Двух адказчыкаў прызналі вінаватымі ў нядбалым стаўленні да службы, якое прывяло да цяжкіх цялесных пашкоджанняў…

6 мая 2024

У Гродне за падпіскі ў Telegram асудзілі непаўналетнюю

Навучэнка з Гродна была падпісаная на "NЕХТА" і "TUT.BY" у Telegram. Іх на яе iPhone…

6 мая 2024

Ад 5000 да 37 000 еўра: у гістарычным цэнтры Гродна прадаюць памяшканні пад бізнес

Тры памяшканні ў будынках са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ў самым цэнтры Гродна і яшчэ адно…

6 мая 2024