Гродзенцы заўважаюць у горадзе гілёў і адзначаюць, што даўно іх тут не бачылі. Насамрэч, гэта звычайны для Беларусі від, але менавіта цяпер, у маразы, іх можна назіраць проста на вуліцах. Hrodna.life спытаў арнітолага Змітра Вінчэўскага, дзе ў Гродне паглядзець гілёў і ці варта іх карміць.

Гілі - птушкі крыху большыя за вераб’я. Адметныя чырвоныя грудзі ёсць толькі ў самцоў, у самачак — светла-шэра-карычневыя. Тут можна пачуць спеў гіля. Гэта сапраўды нязвыклыя для горада птушкі, але халоднай снежнай зімой ім прасцей знайсці тут ежу.

Дзе паглядзець на гіля ў Гродне

«Гілі могуць жыць і ў горадзе, калі ёсць стары парк, там, дзе ёсць старыя яліны. Гэта птушкі чывонахвойных лясоў. Такія элементы ёсць у Пышках, і яны там жывуць. Летам іх цяжэй убачыць, яны стараюцца хавацца», — раслумачыў Hrodna.life гродзенскі арнітолаг і бёрдвотчар Зміцер Вінчэўскі.

Калі не хадзіць далёка, гілёў прасцей пабачыць там, дзе ёсць старыя, вышэй за метраў пяць, клёны, амерыканскі ці пенсільванскі ясені. На іх птушкі харчуюцца насеннем і пачуваюцца больш бяспечна, расказаў арнітолаг. «Але хутчэй за ўсё, яны ўсё гэта ўжо з’елі, і цяпер пераключаюцца на тое, што менш любяць: будуць есці насенне на кустах бэзу. Таму цяпер іх сустрэць не вельмі складана. Месцаў з ежай засталося не так шмат, і яны кацэнтруюцца там».

Відэа: Зміцер Вінчэўскі, birdwatch.by

Праз вялікі мароз птушкі падпускаюць блізка да сябе, і не злятаюць, ашчаджаючы сілы. «Гэта не значыць, што трэба падыходзіць і перакшаджаць ім. Цяпер ім патрэбна шмат энергіі, яны імкнуцца ўвесь светлавы дзень выкарыстаць, каб яе назапасіць, паесці».

У Беларусі звычайны, але нешматлікі від

«Гілі, якіх мы бачым цяпер — не толькі тыя птушкі, якія гняздуюць у Беларусі. Звестак, дзе зімуюць менавіта беларускія гілі, мы не маем», — адзначыў Зміцер Вінчэўскі. Цяпер мы бачым тых птушак, якія жывуць і засталіся тут, і, магчыма, частка з іх прыляцела да нас з поўначы.

Гілі жывуць у Еўропе (акрамя паўднёва-заходніх i паўднёва-ўсходніх частак), праз Сiбiр шырокiм поясам да Камчаткi i Японii ўключна, у Манголii, на Каўказе, у паўнёвай Турцыі i паўночным Iране. Пералётныя толькі крайнiя паўночныя папуляцыi. Зімуюць у межах гнездавога арэала, таксама ў паўднёвай Еўропе, цэнтральнай Азii i паўночнай Афрыцы. У Беларусі нешматлікі на гнездаванні від, адзначаецца ў большай колькасці ў час качовак і міграцый, а таксама на зімоўцы. Крыніца: ptushki.org.

Гілі ў Гродне: дзе іх убачыць, чым пакарміць (і ці патрэбна гэта)
Самка гіля — менш яркая. Фота: Зміцер Вінчэўскі, birdwatch.by

«У такой колькасці, у якой птушкі гняздуюць, мы б іх цяпер не пабачылі», — адзначыў спецыяліст. У Беларусі цяпер даўжэйшы, чым на поўначы, светлавы дзень, калі птушкі могуць падсілкавацца. Гэта датычыць усіх актыўных удзень птушак.

Карміць ці не

Ці патрэбна цяпер гілям дапамога чалавека, меркаванні спецыялістаў разыходзяцца.

Падкормліваць іх зімой можна і трэба — так больш птушак дажыве да вясны, тлумачыў арнітолаг, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. Падыдуць семачкі [нясмажаныя і несалёныя — заўв. Hrodna.life], насыпаныя ў замацаваную кармушку.

Яго гродзенскі калега перакананы, што для дзікіх птушак важней прыродныя ўмовы: старыя дрэвы, кусты, на якіх яны самі могуць знайсці ежу. «Яны не мусяць прывязвацца да ежы, якую прапануе чалавек, бо калі ўмовы зменяцца, мы ежы не прапануем, яны папросту не паспеюць пераляцець некуды, дзе яна ёсць. Прызвычаіваць не варта», — удакладніў Зміцер Вінчэўскі Hrodna.life.

Гілі ў Гродне: дзе іх убачыць, чым пакарміць (і ці патрэбна гэта)
Летам тутэйшыя гілі застаюцца ў Беларусі, але пазбягаюць горада і іх цяжэй заўважыць. Фота: Зміцер Вінчэўскі, birdwatch.by
Гілі ў Гродне: дзе іх убачыць, чым пакарміць (і ці патрэбна гэта)
Зімой птушкі прылятаюць у горад, бо тут прасцей знайсці ежу. Фота: Зміцер Вінчэўскі, birdwatch.by

Чытайце таксама: Смотри и плачь! Какой зеленый был Гродно когда-то (а теперь совсем лысый)

«Гэта дзіцячыя адносіны: мы высякаем дрэва, але павесім кавалак сала як кампенсацыю. Птушкам жа патрэбны прыродныя элементы вакол нас, таму яны прылятаюць. Гэта нераўнацэнная замена», — кажа арнітолаг.

Гілі могуць прыляцець на кармушку з семачкамі, але гэта не іх ежа.

Гілі ў Гродне: дзе іх убачыць, чым пакарміць (і ці патрэбна гэта)
Гілі на кальцы Фартоў у Гродне. Фота: t.me/autogrodnoby

Чытайце таксама: У маразы пад Гродна знайшлі новы від птушак для Беларусі - качку-каралінку