У рамках расследавання крымінальнай справы па масавых беспарадках у Гродне 16 лютага прайшоў ператрус у грамадскага актывіста Алега Калінкова. У яго забралі банкаўскія карткі і тэлефон.

Да Калінкова сілавікі прыйшлі ў 7:30 раніцы. У яго быў ператрус у дзвюх кватэрах. Актывіст не разумее, чаму да яго прыйшлі. Ён распавёў Hrodna.life, што пастанова на ператрус было выпісана яшчэ 1 лютага.

«Акрамя актыўнай грамадскай дзейнасці, я займаюся справамі спажыўцоў як праваабаронца. Прыйшлі і перагледзелі кожны лісток ў дакументах. Забралі нататнік з рахункамі, мае статутныя дакументы па грамадскім аб’яднанні і тэлефон», — распавёў Hrodna.life Калінкоў.

16 лютага ў Беларусі ператрусы прайшлі ў кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабаронцаў і журналістаў у розных гарадах. Следчы камітэт праводзіць расследаванне крымінальнай справы па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадcкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

«У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэстнай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», — гаворыцца ў заяве.