Пракурор 22 лютага запытаў збітаму АМАПам таксісту Аляксею Лапе пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, і папрасіў узяць яго пад варту пасля абвяшчэння прысуду. Разбіральніцтва ішло ў судзе Кастрычніцкага раёна амаль пяць месяцаў.

Легкавы аўтамабіль Аляксея могуць канфіскаваць як сродак учынення злачынства, а бел-чырвона-белы сцяг адтуль — знішчыць. Таксама Аляксей, на думку пракурора Георгія Смольскага, павінен аплаціць судовыя выдаткі ў суме 168 рублёў.

Віну Аляксея даказваюць паказанні пацярпелых і сведак з АМАП, запісы відэакамеры і фанаскапічная экспертыза, лічыць дзяржабвінаваўца. Лапа характарызуецца станоўча, але варта ўлічваць, што злачынства ён здзейсніў у месцы збору людзей, дзе шмат людзей магло яго бачыць, звярнуў увагу пракурор.

Адвакат: таксіста трэба апраўдаць

Аляксея Лапу трэба апраўдаць па некалькіх прычынах, распавёў у судзе адвакат. Па-першае, з-за парушэння нормаў крымінальна-працэсуальнага закона пры ўзбуджэнні справы. Па-другое, з-за парушэння закона пры вытворчасці папярэдняга следства і недаказанасці ва ўдзеле Аляксея ў здзяйсненне злачынства. Па-трэцяе, з-за адсутнасці прамога намеру ў Лапы, чым характарызуецца арт. 364 КК. Тэхніку і аўтамабіль Аляксею варта вярнуць, меру стрымання адмяніць. Прычыны, па якіх Аляксея варта апраўдаць, адвакат пералічваў паўтары гадзіны.

Што яшчэ казаў адвакат:

  • пасажыры аўтамабіля мелі права не размаўляць з супрацоўнікамі АМАП;
  • супрацоўнікі АМАП не мелі права спыняць аўтамабіль — іх патрабаванне не было законным.
  • пацярпелы Арцём Логіш, які быў на праезнай частцы ў якасці пасажыра, паступіў незаконна.
  • супрацоўнікі АМАП перавысілі паўнамоцтвы пры затрыманні.

Адвакат звярнуў увагі на цялесныя пашкоджанні Лапы — пераломы скулавых костак з абодвух бакоў, костак пазух, носа, сківіцы, сінякі сцягна, удар грудной клеткі. Яму, па заключэнні медыкаў, нанеслі не менш за 10 удараў. Гэта цяжкія цялесныя пашкоджанні.

З чаго ўсё пачалося?

Таксіста Аляксея Лапу пачалі судзіць 5 лістапада 2020 года паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). 11 жніўня 2020 года ён катаўся з трыма сябрамі па горадзе, у акцыі пратэсту яны не ўдзельнічалі. Каля крамы «Алмі» на вул. Савецкіх памежнікаў сябры выйшлі папаліць, затым селі ў аўтамабіль. Тады некалькі амапаўцаў пачалі біць па машыне. Аляксей спалохаўся і пачаў з’язджаць, адзін амапавец рушыў да капота і атрымаў пару сінякоў. Праз некалькі хвілін сяброў жорстка затрымалі - трое з чацвярых трапілі ў бальніцу з траўмамі. У Следчым камітэце ім адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту нанясення цялесных пашкоджанняў.

Пацярпелымі па справе выступаюць два супрацоўнікі АМАП — Павел Конан і Арцём Логіш. У Паўла — сінякі на калене і локці, што пацягнула «кароткачасовую страту здароўя». Цялесныя пашкоджанні Арцёма не агучылі ў судзе.

Чытайце яшчэ: