Аляксандра Арановіча пачалі судзіць 26 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна за ўдзел у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе аб падзеях 29 траўня 2020 года, калі ў Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага.

Аляксандру Арановічу 38 гадоў. Мае сярэднюю адукацыю, халасты, мае двух дзяцей 6 і 14 гадоў. Служыў. Родам з горада Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Да затрымання працаваў кіроўцам у індывідуальнага прадпрымальніка. Раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. З 1 чэрвеня 2020 года знаходзіцца пад вартай.

Справу разглядае суддзя Алена Пятрова, дзяржабвінаваўца — пракурор Дзяніс Корда.

Версія абвінавачвання

Арановіча абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 293 КК. Па версіі дзяржабвінавачання, яго справа звязана са справай Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігі і Яўгена Разнічэнка. Таксама за гэтыя падзеі ўжо асудзілі Уладзіміра Няронскага са Слуцка.

Па версіі дзяржабвінавачання, Аляксандр натхніўся заклікамі Статкевіча, Севярынца і Ціханоўскага, паверыў у сваю беспакаранасць, вырашыў далучыцца да здзяйснення злачынства, і пачаў дапамагаць у гэтым Ціханоўскаму.

5 траўня 2020 года ў Магілёве ён узяў удзел у мітынгу і шэсці, дзе з Ціханоўскім і іншымі ўдзельнікамі «публічна дэманстраваў уседазволенасць і грэблівае стаўленне да заканадаўства». На «незаконным грамадска-масавым мерапрыемстве пад выглядам пікетавання» ў Гродне 29 траўня Арановіч «у мэтах канспірацыі і ўтойвання слядоў злачынства» спецыяльна апрануўся ў вопратку, падобную да вопраткі Ціханоўскага. Гэтым ён ажыццяўляў прыкрыццё, абарону і ахову Ціханоўскаму. На думку дзяржабвінавачання, гэтым ён парушыў арт.342 КК.

Таксама Аляксандр купіў дымавую шашку, якую «канспіратыўна захоўваў» па месцы жыхарства ў Старых Дарогах. Гэтым ён ажыццявіў прыгатаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках, гэта значыць парушыў арт. 13 і ч.2 арт.293 ККю Шашку знайшлі толькі ў снежні 2020 года падчас трэцяга ператрусу, звяртае ўвагу spring96.org.

«Фантастыка нейкая», — пракаментаваў абвінавачванне Арановіч. Ён не прызнаў віну.

В Гродно начали судить трех человек по «делу Тихановского». Дмитрий Фурманов дал показания (обновлено)

Аляксандр Арановіч адмовіўся ад дачы паказанняў. У судзе абвясцілі паказанні Арановіча, які ён даваў падчас папярэдняга следства. Яго неаднаразова дапытвалі ў 2020 годзе — пыталіся аб кантэнце каналаў «Страна для жизни», закліках Ціханоўскага, сувязі Ціханоўскага з іншымі апазіцыянерамі і блогерамі, са штабам Бабарыка, аб аказанай Ціханоўскаму падтрымцы, каляровых рэвалюцыях, дэананімізацыі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Аляксандр спачатку не даваў паказанняў, а пазней на многія пытанні не даваў адказаў.

У судзе плануюць апытаць сведак і вывучыць пісьмовыя і рэчавыя доказы. Пасяджэнне працягнецца 1 сакавіка.

Хто такі Аляксандр Арановіч?

Аляксандр Арановіч — удзельнік каманды YouTube-канала «Страна для жизни», заснаванага Сяргеем Ціханоўскім. Скончыў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, да 2015 года быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся грузаперавозкамі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да рэпрэсій працаваў кіроўцам. Аляксандр Арановіч разам з камандай «Страны для жизни» ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме, паведамляеprisoners.spring96.org.

Чытайце таксама: