Уладзіміру Седзянеўскаму, Юрыю Седзянеўскаму, Жанне Захаркевіч прысудзілі тры гады абмежавання волі. Надзею Сцяпанцову прысудзілі да трох з паловай гадоў абмежавання волі. Адбываць пакаранне яны будуць у папраўчых установах адкрытага тыпу. Меру стрымання пакінулі ранейшай — падпіска аб нявыездзе.

UPD. 15 чэрвеня Гродзенскі абласны суд пакінуў прысуд без зменаў.

Гродзенцаў прызналі вінаватымі ў гвалце над супрацоўнікамі УУС і ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама яны выплацяць 20 і 50 рублёў па зыску ад аўтобуснага парку і тралейбуснага ўпраўлення.

На месцы працы гродзенцаў адправяць дакумент з просьбай правесці з імі прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці парушэнняў.

Пецярых гродзенцаў абвінавацілі ў тым, што 6 верасня 2020 года каля 13.20 на вул. Гарнавых, 10 яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней, паводле версіі пракурора, яны ўсталі ў счэпку і «сваім целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху», што прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК).

Пракурор Аліна Чужаземец 1 сакавіка запрасіла для братоў Юрыя і Уладзіміра Седзянеўскіх паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, для Надзеі Сцяпанцавай — два з паловай гады пазбаўлення волі, Жанны Захаркевіч — два гады пазбаўлення волі. Адна з абаронцаў мяркуе, што ў абвінавачаных не было злачыннага намеру паводле арт.364 КК, бо яны не ведалі асабіста пацярпелых і не ведалі, што яны будуць на вул.

Пяты абвінавачаны — Аляксандр Якубоўскі - не дайшоў да канца суда, яго абвясцілі ў вышук.

Што абвінавачаныя казалі ў сваім апошнім слове?

Юрый Седзянеўскі сказаў, што 6 верасня пайшоў паглядзець, як людзі выступаюць супраць гвалту і сам стаў сведкам гвалту «людзей у чорным». «Я не канфліктны чалавек, хрысціянін. Мы — вернікі, спадзяемся на Бога і пройдзем гэтыя выпрабаванні. Мы ўсё перажывем», — сказаў ён.

«Мне не верыцца, што гэта былі амапаўцы, якія хавалі свае твары», — сказала Жанна Захаркевіч.

Уладзімір Седзянеўскі растлумачыў, што парадку ніколі не парушаў. Выйшаў 6 верасня пагуляць. Прагулка скончылася «не вельмі добра». Ва Уладзіміра — трое дзяцей. Яго малодшы сын нарадзіўся ў Дзень міліцыі і хацеў стаць міліцыянтам. «Ён часта пытаўся: а хто такі міліцыянт? Я яму заўсёды адказваў, што ён павінен быць сумленным і прыстойным, павінен заступацца за слабых. А цяпер я і не ведаю, што яму адказаць», — казаў Уладзімір.

— Сёння 10 сакавіка — сонечны дзень. Роўна 18 гадоў таму ў мяне нарадзіўся сын. І я не магла ўявіць, што ён будзе сядзець у судзе і глядзець на маму, якая знаходзіцца ў якасці абвінавачванай, — сказала Надзея Сцепанцова.

У нас у сям'і былі прынцыпы прыстойнасці. 6 верасня 2020 года мы стаў выпадковымі сведкамі жудаснай карціны беспадстаўнага жорсткага абыходжання з мірным насельніцтвам. Ведаеце, перад вачыма ўсё гэта стаіць. Той шок, які адчуў у той дзень, накладвае глыбокі адбітак і мяняе ўсё тваё светапогляд.

Хочацца скончыць словамі рымскага філосафа Марка Цыцэрона: «У справах дзяржаўных нішто жорсткае не бывае карысным».

Як развівалася справа?

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]