17 сакавіка павінны былі пачаць судзіць рэдактара newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка) за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасяджэнне перанеслі з-за хваробы Ігара.


Рэдактара гарадскога інтэрнэт-рэсурсу newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка) абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Міліцыя знайшла на рэсурсе прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкай. Па тым жа артыкуле судзяць галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. 29 студзеня ў Ігара Рэмзіка і ў рэдакцыі Hrodna.life прайшлі агляды з канфіскацыяй тэхнікі.

Партал newgrodno.by асвятляў акцыі пратэсту, якія праходзілі летам і восенню 2020 года ў Гродне. Ігара Рэмзіка затрымлівалі 9 жніўня і 27 верасня. За першае затрыманне яго асудзілі на штраф, другую адміністрацыйную справу спынілі.