У Гродзенскім універсітэце з’явіцца новая спецыяльнасць — «Электрычны і аўтаномны транспарт». Кваліфікаваныя спецыялісты змогуць абслугоўваць электрамабілі праз 4 гады. Такіх інжынераў не хапае не толькі ў Гродне, але і ў Беларусі.

Новую спецыяльнасць на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ адкрыюць упершыню за 10 гадоў. Праграма навучання разлічана на 4 гады, выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «інжынер-электрамеханік». Яны будуць займацца абслугоўваннем, эксплуатацыяй і дыягностыкай электратранспарту, патлумачыў Hrodna.life дэкан факультэта Аляксандр Варанцоў. Гэта не толькі электрамабілі, але і скутэры, мапеды, самакаты. Таксама студэнты будуць вывучаць аўтаномны транспарт, які перасоўваецца без кіроўцы.

Заявак ад прадпрыемстваў больш, чым будучых выпускнікоў

Ў 2021 годзе набяруць 22 абітурыенты (15 на бюджэтнае аддзяленне і 7 на платнае). Пакуль прадугледжана толькі дзённая форма. Па словах Аляксандра Варанцова, заявак ад гродзенскіх прадпрыемстваў ужо ў два разы больш, чым будучых выпускнікоў. Інжынеры патрэбныя ў тралейбусным упраўленні, аўтобусным парку, гродзенскіх электрасетках, на «Белкардзе» ды іншых заводах, дзе выкарыстоўваюць аўтаномны транспарт для перамяшчэння грузаў паміж памяшканнямі.

«Шмат запытаў ад аўтасэрвісаў, ім патрэбныя спецыялісты, якія маглі б абслугоўваць электрычны складнік. Зараз галоўная праблема — гэта дыягностыка памылак электронікі. Напрыклад, часта бываюць памылкі рухавіка, якія не ўсе могуць карэктна прачытаць і ідэнтыфікаваць».

Электрамабілі возяць рамантаваць з Гродна ў Мінск

У Беларусі набор на спецыяльнасць «Электрычны і аўтаномны транспарт» вядзе з 2020 года толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт. У мінскім ВНУ студэнтаў вучаць праектаваць і канструяваць электратранспарт, прычым асноўная ўвага надаецца гарадскому — тралейбусам, трамваям, электрацягнікам метро. У Гродне галоўны акцэнт — на абслугоўванне сучасных электрыфікаваных відаў.

Рыхтаваць інжынераў-электрамеханікаў дапаможа рэзідэнт тэхнапарка ГрДУ — кампанія «Класік Электра». Яна рэалізуе стартап, звязаны з электрамабілямі. Фірма распрацавала універсальны камплект для пераабсталявання машын з традыцыйнымі рухавікамі на электрацягу. Зараз аўтар стартапа Сяргей Жыльцоў развівае праект па пераводу камунальных і гарадскіх службаў на міні-электратранспарт.

Чытайце таксама: Электрамабіль з Кітая, а ідэя свая. Прадпрымальнік з Гродна хоча зрабіць горад экалагічным і скарыць свет

«У Гродне зараз вялікая праблема — знайсці кваліфікаванага чалавека, каб адрамантаваць электрамабіль. Ведаю, што ўладальнікі возяць іх у Мінск», — распавёў Hrodna.life Сяргей Жыльцоў.

У Беларуси, па дадзеным на пачатак сакавіка 2021, колькасць зарэгістраваных электрамабіляў перавысіла 2,5 тысячы. У чэрвені 2020 года іх колькасць ацэньвалася ў 400 штук. Спецыялісты нацыянальнага аператара сеткі электразарадных станцый Malanka адзначаюць, што штомесяц у мабільным дадатку рэгіструюцца да 200 новых карыстальнікаў.

Ёсць падтрымка ад Geely і Bosch

«Мы плануем стварыць цэлы напрамак у Гродне для падрыхтоўкі такіх спецыялістаў», — кажа Аляксандр Варанцоў. Паводле яго, ёсць падтрымка з боку афіцыйнага дылера Geely ў Гродне — ТАА «Альфорт», а таксама фірмы Bosch. У планах — адкрыць у 2023 годзе ва ўніверсітэце лабараторыю, дзе студэнты змогуць збіраць прататыпы новых відаў электратранспарту. Мяркуецца, што гэты праект прафінансуе Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця.

«Новая спецыяльнасць будзе цікавая і для дзяўчат, таму што для дыягностаў важная педантычнасць», — лічыць Аляксандр Варанцоў. Таксама дзяўчатам, на яго думку, падышла б праца ў сектары продажаў - напрыклад, менеджэрамі цэнтраў, дзе рэалізуюць аўтамабілі.

Каб паступіць на спецыяльнасць «Электрычны і аўтаномны транспарт», трэба паспяхова здаць ЦТ па беларускай або рускай мове, матэматыцы і фізіцы.

Якія яшчэ спецыяльнасці адкрыюць у ГрДУ

  • Спецыяльнасць «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» з’явіцца на педагагічным факультэце. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «Педагог сацыяльны. Педагог-псіхолаг».
  • Па спецыяльнасці «Лагапедыя» упершыню аб’яўлены набор на завочную скарочаную форму навучання. Прымаюць выпускнікоў, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» і «Пачатковая адукацыя» са спецыялізацыяй «Лагапедыя».
  • Спецыяльнасць «Правазнаўства» з 2021 года можна будзе атрымаць дыстанцыйна, паведамляе прэс-служба ГрДУ.