Усе гродзенскія паліклінікі для дарослых і мінімум адна дзіцячая абвясцілі закупку аўтамабіляў у сувязі з каранавірусам. Мінімум дзвюм з іх дапаможа Гродзенская тытунёвая фабрыка. Праз пандэмію нагрузка на і без таго стары аўтапарк вырасла. У адной з паліклінік з красавіка па снежань 2020 года машыны праехалі удвая больш, чым звычайна праязджаюць за 12 месяцаў.

Шэрая Niva з падагрэвам

Восем закупак абвясцілі гарадскія паліклінікі для дарослых і дзіцячая паліклініка № 2 у сакавіку 2021 года, выявіў карэспандэнт Hrodna.life сайце дзяржзакупаў. Згодна з тэхнічнымі заданнямі конкурсаў, паліклінікі закупляюць пяцімясцовыя аўтамабілі з сталым поўным прывадам (4×4), аб’ёмам рухавіка 1,7 л, механічнай каробкай перадач. У некаторых закупках марка і мадэль аўтамабіля пазначана дакладна — LADA Niva Travel або аналаг. Пажаданы колер для ўсіх — шэры (серабрысты) ці паводле ўзгаднення з заказчыкам.

У большасці выпадкаў яшчэ патрабуецца ахалоджваемая рэчавая скрыня і падагрэў пярэдніх сядзенняў, дарожны прасвет — не менш за 220 мм. У цэнтральную гарадскую паліклініку шукаюць машыны з датчыкамі паркоўкі і камерамі задняга агляду. У некаторых закупках адзначана, што аўто павінны быць 2021 года выпуску. У LADA Niva Travel частка з гэтых патрабаванняў трапляюць у катэгорыю Comfort і Comfort+.

Машыны закупляюць у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай вірусам COVID-19, тлумачыць дакументацыя. Другая прычына — цяжкадаступнасць некаторых замацаваных за паліклінікамі ўчасткаў у Гродне і Гродзенскім раёне. Паліклініка № 4 у дакументах таксама спасылаецца на рашэнне Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта № 742 ад 29.12.2020 «Аб дадатковым табелі належнасці спецыяльных легкавых аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ўстановамі аховы здароўя».

Паліклінікі купляюць па адной ці па дзве машыны. Арыентоўны кошт закупкі - 30 580 рублёў за адно аўто і 61 160 рублёў за два. Гродзенская цэнтральная гарадская паліклініка вызначыла кошт двух аўтамабіляў у 64 200 рублёў. Усе машыны ўстановы купяць за ўласныя сродкі, у некаторых закупках адзначана, што фінансавую дапамогу акажуць спонсары. Прапановы прымаюць у асноўным да канца сакавіка, тэрмін пастаўкі - першая дэкада красавіка.

Для хуткай дастаўкі і вакцынацыі

Да гарадской паліклінікі № 6 адносяцца дзве амбулаторыі, якія месцяцца за горадам — у Путрышках і ў Парэччы. «Дарогі ў населеных пунктах не вельмі, таму і купляем поўнапрывадныя машыны, каб была хутчэй і дастаўка, і вакцынацыя», — распавёў Hrodna.life Аляксандр Герасімаў, спецыяліст па арганізацыі закупак паліклінікі. Цяпер у аўтапарку паліклінікі 8 машын, палова з іх ужо старыя, падлягаюць спісанню. Новыя аўто набудуць на спонсарскія сродкі - сама б паліклініка не пацягнула, распавёў ён. Установе дапаможа Гродзенская тытунёвая фабрыка.

У паліклінікі № 1 падобныя праблемы. «Машынам па 15−16 гадоў. Машына пойдзе ў раёны: у нас там ФАПы [фельчарска-акушэрскія пункты. — Заўв. Hrodna.life], амбулаторыі і Сапоцкінская бальніца. Без тэхнікі - ніякай дапамогі не будзе», — патлумачыў Hrodna.life начальнік тэхнічнай службы паліклінікі № 1 Алег Ліханос. Для ўрачоў гэта будзе больш камфортная машына. Неабходнасць у змене парку — вострая: ідзе вялікі выдатак бензіну, на рамонт старых машын сыходзіць шмат грошай. Пандэмія толькі пагоршыла сітуацыю.

«З красавіка па снежань 2020 года мы праехалі ўдвая больш, чым праязджаем за год. Дзве кавідныя брыгады за дзень намотвалі па 250−300 км па горадзе, — расказаў спецыяліст. Адной новай машыны недастаткова, нам трэба замяніць тры машыны».

Паліклініцы № 1 вылучаюць грошы на машыну таксама дзякуючы тытунёвай фабрыцы.

Машыны закупяць у прадаўца ў адпаведнасці з патрабаваннем тэхзадання. Пастаўшчык павінен прадаставіць неабходныя дакументы, якія дазваляюць увоз, сертыфікаты краіны-вытворцы, рэгістрацыйныя пасведчанні, пацвердзіць наяўнасць сэрвіснага гарантыйнага і паслягарантыйнага абслугоўвання ў Гродне. Таксама прадавец павінен даставіць машыны ў Гродна і падаць дакументы для афармлення ў ДАІ.

Да гэтага аўтапарк гродзенскіх паліклінік абнаўлялі ў канцы 2019 года. За кошт гарадскога бюджэту закупілі 9 новых аўтамабіляў LADA. Тады на балансе Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі лічылася 74 машыны, з іх 35 адпрацавалі больш за 10 гадоў і былі ў стане крытычнага зносу, пісала «Беларусь Сегодня». На закупку тады сышло 144 000 рублёў. Яшчэ раней у 2019 годзе для паліклінік куплялі 6 машын.

Чытайце таксама: