Каля 16.30 29 сакавіка гродзенскі журналіст і дырэктар пляцоўкі «Цэнтр гарадскога жыцця» Павел Мажэйка выйшаў на волю з СІЗА № 1 Гродна. Ноччу 26 сакавіка яго затрымалі на 72 гадзіны пасля допыту па справе аб рэабілітацыі нацызму.

Паўла адпусцілі з дакументам, дзе сказана, што «неабходнасць у затрыманні адпала».

Павел выглядае бадзёрым. Каля турмы яго сустракалі блізкія і калегі. Працэсуальных дзеянняў за трое сутак затрымання з ім не праводзілі. Мажэйка спачатку знаходзіўся ў камеры адзін, пазней — «падсадзілі» да аднаго затрыманага, распавёў ён Hrodna.life. На пытанне аб умовах Павел пажартаваў: «Люкс!».

Практычна ўвесь мінулы тыдзень міліцыянты вялі разбіральніцтва, прыходзілі ў двор і фатаграфавалі выставу Алеся Пушкіна, распавёў Павел Hrodna.life. 26 сакавіка яго папрасілі «забегчы» у Ленінскі РАУС. З уваходу Паўла адразу пад аховай адвялі ў пракуратуру, дзе ў яго ўзялі тлумачэнні наконт выставы. Пасля гэтага яго перадалі супрацоўнікам Следчага камітэта, дзе ён знаходзіўся да 23.00. Адтуль яго прывезьлі ў Турму № 1 Гродна. Каля 16.00 29 сакавіка Паўлу паведамілі, што неабходнасць у яго затрыманні адпала. «І вось я на волі, з чым сябе і віншую», — сказаў Павел.

На Паўла Мажэйку, кіраўніка пляцоўкі «Цэнтр гарадскога жыцця», мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму. Прычына — дэманстрацыя 19 сакавіка на выставе карцін партрэта Яўгена жыхара з аўтаматам на плячы, паведаміла пракуратура.

Чытайце таксама: