Гродзенскі майстар Андрэй Кібінь зрабіў падарунак лідару гродзенскага гурта «Dzieciuki» Алесю Дзянісаву — вырабіў адмыслова для яго гітару.

Падарунак выраблены з некалькіх відаў дрэва: елкі, палісандра і чырвонага дрэва. Але гітара не мае выхада для электрычнага падлучэння, таму ёсць верагоднасць будучай мадэрнізацыі інструмента, распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў.

Майстар, які рабіў інструменты для Міхалка і Дзідзюлі, падарыў гітару Алесю Дзянісаву
Падарунак Алеся Дзянісава. Фота: Алесь Дзянісаў

«Неяк Андрэй Кібінь сказаў, што хоча зрабіць мне гітару. Я вельмі паважаю Андрэя, але ўспрыняў не зусім сур’ёзна гэтую інфу. Да і заплаціць мне няма чым майстру. І вось, тэлефануе Кібінь: Прыязжай за сваёй гітарай! Хто не ведае хто такі Андрэй Кібінь — google ў дапамогу! Скажу толькі тое, што гэта, напэўна лепшы гітарны майстар на ўсёй пост-савецкай прасторы!» — напісаў у Facebook Алесь Дзянісаў.

«Я даўно планаваў і хацеў зрабіць гітару спецыяльна для Алеся. Зараз была магчымасць і час, таму ўзяўся за працу і зрабіў», — распавёў Hrodna.life Андрэй Кібінь. Інструмент зроблены паводле канкрэтных памераў, спецыяльна для Алеся, патлумачыў майстар.

Андрэй Кібінь — гродзенскі гітарны майстар. Ён рабіў гітары для беларускіх музыкаў: Валерыя Дзідзюлі, Паўла Кухты, Сяргея Міхалка і гурта «BRUTTO». З замежных музыкаў на гітары Андрэя Кібіня гралі аўстралійскі музыка з унікальнай тэхнікай ігры Томі Эмануэль, а таксама амерыканскі гітарыст Адам Раферці.

Чытайце таксама: