У Гродзенскім абласным судзе 13 траўня перагледзелі крымінальную справу Юзэфа Нямеры. Яго раней асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за пінок у сцягно амапаўцу і ўдзел у акцыі пратэсту. З прысудам не пагадзіліся і абвінавачаны, і дзяржабвінаваўца.

Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага прызначыла Юзафу Нямеры новае пакаранне — 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Юзэфа Нямера 12 лістапада 2020 асудзілі за ўдзел у беспарадках і гвалт над міліцыянтам. Абараняючы дзяўчыну падчас акцыі пратэсту 6 верасня, ён штурхнуў у сцягно амапаўца і ўцёк. 14 студзеня 2021 гады Гродзенскі абласны суд пакінуў у сіле прысуд — 2,5 года «хатняй хіміі». Прысуд абскардзілі старшыні абласнога суда, які прызначыў новы разгляд.

Пацярпелы амапавец Павел Снацкі, які выступаў у судзе Кастрычніцкага раёна за шырмай і пад змененым імем, на пасяджэнне 13 траўня не з’явіўся.

Абаронца папрасіў далучыць да справы ганаровыя граматы, якімі ўзнагароджвалі Юзэфа Нямеру за ўдзел у грамадскім жыцці.

Дзяржабвінаваўца запытаў пазбаўленне волі

Дзяржабвінаваўца на пасяджэнні 13 траўня паведаміў, што змене падлягае прысуд у частцы арт. 364 КК- Гвалт у дачыненні да супрацоўніка УУС. У якасці канчатковага пакарання ён запытаў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нямера: злачыннага намеру не было

Юзэф Немер падкрэсліў, што акцыя была мірнай. «Гэтыя абвінавачванні ў мой адрас, што я прыйшоў са злачынным намерам, не адпавядаюць рэчаіснасці. Не было ў мяне злачыннага намеру», — сказаў Нямера і зноў распавёў, што адбывалася 6 верасня 2020 года.

У 14.00 6 верасня ў цэнтры Гродна быў запланаваны чарговы марш нязгодных з дзеяннямі ўладаў гараджан. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці кропках горада, каб дайсці на Савецкую плошчу. Сілавікі блакавалі дарогі і разбівалі натоўпы, але людзі ўсё ж сабраліся ў цэнтры і пайшлі ў бок Вішняўца. Яны ішлі па праезнай частцы Старога моста, каля завода «Белкард» і аўтобуснага парка. Каля ўніверсама «Брэст» іх сустрэў АМАП, які ішоў з усіх бакоў. Адбыліся жорсткія затрыманні, пры якіх і мужчын, і жанчын душылі, цягнулі па асфальце і распылялі газ.

Юзэф настойвае: убачыўшы гвалт, ён дзейнічаў ненаўмысна, «нага спрацавала хутчэй за галаву». Ён адзначыў, што ў судзе пацярпелы прасіў яго строга не караць.

14 студзеня пасля абскарджання прысуд уступіў у сілу. 23 студзеня Нямера ўстаў на ўлік у Дэпартаменце выканання пакаранняў. Зараз Юзэф адбыў ужо больш за сем месяцаў абмежавання волі. Парушэнняў у яго не было — яго праверылі 57 разоў. 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу ён выплаціў. У Юзэфа 90-гадовая мама, якую ён даглядае разам з сястрой.

Абаронца: пакаранне будзе празмерным

Абаронца лічыць, што крымінальную справу па арт. 342 КК варта спыніць. На думку адваката, віна Юзэфа ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не даказаная. Юзэф сапраўды выходзіў на праезную частку, але ішоў у сярэдзіне і не быў у першых шэрагах.

Узмацненне жорсткасці пакарання, на думку адваката, будзе празмерным. Ён папрасіў суд не задавальняць апеляцыйны пратэст і задаволіць скаргу Юзэфа.

Чытайце таксама: