Новы дзяржаўны стаматалагічны цэнтр пабудуюць у Гродне, распавялі Hrodna.life у Галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама ў адказ на афіцыйны запыт. Раней меркавалася, што цэнтр мог заняць былы будынак «Беларусбанка» на Цітова, 7. Але распрацоўку праекта перапланіроўкі адмянілі з-за недахопу грошай.

Распрацоўваць медыцынскае заданне па стварэнні стаматалагічнага цэнтра пачалі ў канцы 2020 года, распавяла Hrodna.life начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда. Для яго пабудуюць новы будынак. Гэта танней, чым перапланіроўка былога будынка банка ў адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі і іншымі патрабаваннямі да аб’ектаў аховы здароўя.

Што будзе ў стаматалагічным цэнтры?

У цэнтры створаць тэрапеўтычнае, хірургічнае і артапедычнае аддзяленні, зубатэхнічныя лабараторыі, у тым ліку з магчымасцю прымянення лічбавых тэхналогій. Гэта дазволіць аказваць усе неабходныя паслугі ў адным месцы. Таксама ў цэнтры акажуць высокакваліфікаваную дапамогу жыхарам вобласці з найбольш складанымі для дыягностыкі і лячэння паталогіямі.

Колькі ў галіне стаматалагічных паліклінік?

Існуючая структура дазваляе забяспечыць даступную і якасную стаматалагічную дапамогу жыхарам вобласці, лічаць у аблздраве.

У склад Цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклінікі Гродна ўваходзяць 2 філіяла, 12 аддзяленняў, 3 кабінета. У вобласці таксама працуюць стаматалагічныя паліклінікі ў Лідзе і Ваўкавыску. Стаматалагічныя аддзяленні ёсць ва ўсіх цэнтральных раённых бальніцах. У Гродзенскай універсітэцкай клініцы працуе аддзяленне гнойнай сківічна-тварнай хірургіі.

Чытайце таксама: В Гродно хотели построить городской стоматологический центр. Но у властей нет денег на проект