19 траўня ў Баранавічах разбіўся ваенны самалёт Лідскай штурмавой авіябазы. Ён упаў у прыватным сектары. Абодва лётчыкі загінулі.

Самалёт, які пацярпеў крушэнне, Як-130, належаў Лідскай штурмавой авіябазе, паведамілі у Міністэрстве абароны. Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Пілоты паспрабавалі адвесці самалёт ад населенага пункта. «Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся. На жаль, абодва лётчыкі загінулі», — паведаміла прэс-служба ведамства. Палёт выконвалі камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й шаб маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка, лётчык звяна вучэбна-баявой эскадрыллі на Як-130 116-й шаб.

Самалёт узлятаў з аэрадрома па кірунку ва Усходні мікрараён, паведаміла баранавіцкае выданне"Наш край".

У Баранавічах разбіўся ваенны самалёт з Ліды. Лётчыкі загінулі
У Баранавічах разбіўся ваенны самалёт з Ліды. Лётчыкі загінулі
Месца падзення самалёта. Фота: чытачы Intex-press

Паводле Мінабароны, іншых ахвяр і разбурэнняў няма. Наступствы крушэння ліквідуе МНС. Да месца здарэння выехала камісія Міністэрства абароны.

«Вокны ў двух суседніх дамоў выбітыя. На месцы працуюць машыны МНС», — расказаў Onliner сведка. — Аскепкі рассыпаліся на 100 метраў ад падзення, пашкодзілі фасады будынкаў, вокны. Самалёт упаў паміж двух двухпавярховых дамоў па вуліцы Фестывальнай. На адным будынку бачны парашут пілота. Па перыметры знаходзяцца ваенныя".

У Баранавічах разбіўся ваенны самалёт з Ліды. Лётчыкі загінулі
Рэшткі парашута. Фота: onliner.by

Раней мэр Баранавічаў Юрый Громакоўскі анансаваў авіяшоў у гонар 150-годдзя Баранавічаў. На аэрадроме 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы на 22 траўня запланаваны дэманстрацыйныя палёты і парашутныя скачкі.

18 траўня пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці ракетных войскаў Узброеных сіл Беларусі, паведамлялі ў Міністэрстве абароны. Усяго будзе задзейнічана да 100 адзінак тэхнікі і больш за 500 чалавек асабовага складу. Да праверкі прыцягваюцца воінскія часткі і падраздзяленні комплексаў тактычных ракет «Кропка-У», рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз», «Смерч», «Ураган». Завершыцца праверка кантрольнымі заняткамі па нанясенні ракетных удараў.