Пляцоўка для сустрэчы з гледачамі пачне працу ў кінатэатры «MOOON» у ТЗЦ «Triniti» з 3 чэрвеня. Пасля прагляду фільма свае ўражанні можна будзе абмеркаваць са здымачнай групай, кінаэкспертам і нават рэжысёрам.

Праграма распачнецца 3 чэрвеня прэм’ерай стужкі «Гульня на выжыванне». Яе прадставіць кінаэксперт Ігар Сукманаў - дырэктар праграм гульнявога кіно фестываля «Лістапад». У рэжыме анлайн з гледачамі сустрэнецца рэжысёр Басціан Гюнтар і чальцы здымачнай групы. З імі можна будзе абмеркаваць фільм.

Працягне праграму праект «Уікенды з Ларсам фон Трыерам». З 4 па 19 чэрвеня найлепшыя стужкі рэжысёра пакажуць на мове арыгінала (англійскай альбо дацкай) з субтытрамі. Абмеркаваць іх можна будзе з кінаэкспертам Ігарам Сукманавым.

«На дадзены момант у нашых планах два сумесных праекта з „АРТ Корпорейшн“. У будучыні мы плануем развіваць у Гродне фармат паказа фільмаў з экспертамі з розных сфераў», — распавяла Hrodna.life кіраўнічка digital-маркетынгу сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas Святлана Грыгор’ева. Гэта могуць быць эксперты не толькі ў сферы кіно, але і тэатра, моды, мастацтва.

Такія праекты накіраваны больш на іміджавы складнік, чым на камерцыйны. «У нашым кінатэатры мы паказваем фільмы нават для аднаго чалавека», — сказала Грыгор’ева.

Чытайце таксама: В «Triniti» открылся самый большой в Гродно кинотеатр: там 5 залов, магазин с комиксами и фотозоны