Раніцай 1 чэрвеня Ірыну Новік выклікаў на апытанне ўчастковы міліцыянер. Пасля гэтага муж Ірыны паведаміў пра затрыманне і пра тое, што ў іх дома неўзабаве правядуць агляд.

У 10.00 у кватэру да Ірыны Новік прыйшоў супрацоўнік міліцыі і правёў агляд. Пасля гэтага склаў пратакол затрымання, распавёў Hrodna.life муж Ірыны Анатоль Новік. Ірыну адвезлі ў РАУС Ленінскага раёна Гродна.

У нядзелю, 30 траўня, міліцыя затрымала галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту. Дома ў яго правялі агляд, забралі ноўтбук, тэлефон, старыя жорсткія дыскі і парасон ў белую і чырвоную палоскі. У дачыненні да Hrodna.life ідзе разбіральніцтва па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць». Аляксея адпусцілі з Ленінскага РАУС праз чатыры гадзіны. У той жа дзень сілавікі прыязджалі да редактаркі спецпраектаў Ірыне Новік, у той момант яе не было дома.

Відэа пра затрыманне Аляксея Шоты і адміністрацыйную справу загрузілі на Youtube-канал гродзенскай міліцыі за два дні да самога затрымання.

У сакавіку ў Ірыны ўжо праводзілі ператрус. Тады яна праходзіла сведкай па справе супраць мастака Алеся Пушкіна і іншых асоб аб рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт.130 КК). Ператрус доўжыўся чатыры гадзіны, у выніку забралі ноўтбук і тэлефон.

Па арт. 19.11 КаАП арганізацыі пагражае штраф да 500 базавых велічынь, фізічнай асобе — штраф да 30 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт. Прадугледжаная канфіскацыя прылады здзяйснення правапарушэння. Hrodna.life ужо судзілі па артыкуле 19.11 — міліцыя знайшла на сайце некалькі спасылак на Telegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім. Тады нас аштрафавалі на 12 325 рублёў. Тэхніку, якую забралі пры аглядзе ў рэдакцыі, не вярнулі да гэтага часу.