На новай аўтамабільнай развязцы распачалося аднаўленне дарожнага палатна. 4 ліпеня ў час моцнай залевы там абрынуўся кавалак асфальта. Адрамантаваць дарогу плануюць за 7−10 дзён.

«Гэта месца, дзе сышлося некалькі неспрыяльных фактараў. Па-першае — гэта новая дарога, таму адкосы яшчэ не ўмацаваны травой і дзірваном. І апынуліся больш схільныя да разбурэння вадой. Акрамя гэтага, менавіта ў гэтым месцы адкос пры разбурэнні быў пашкоджаны ліўнёўкай і адпаведна ў гэтае месца вада пачала паступаць як з самаго дарожнага палатна, так і з каналізацыі, што абумовіла такі маштаб пашкоджанняў дарожнага палатна», — распавёў старшыня гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік тэлеканалу «ГроднаПлюс».

Пры аднаўленні дарогі плануюць арганізаваць латкі для аварыйнага скідання вады і ўмацаваць схілы геасеткай, каб у выпадку затаплення дзірван мог супрацьстаяць вадзе. Адрамантаваць дарогу плануюць за 7−10 дзён.

Таксама ідзе ацэнка месцаў па ўсім горадзе, дзе ўзніклі праблемы з падтапленнямі, сказаў Каранік. У будучыні там павінны зрабіць ліўнёўкі і латкі для скідання вады.