Участак тратуара паміж апарт-гатэлем на Калючынскай і домам Мураўёва на Савецкай плошчы ў Гродне 13 ліпеня прадалі з аўкцыёну. Яго выкупіў бізнэсовец Станіслаў Сямашка. Праз год там з’явіцца новы будынак, паведамляе «Вечерний Гродно».

 — Будзе прыгожа, прыемна, выразна, на працягу года запраектуем і пабудуем. Да наступнага ліпеня ўжо будзе стаяць на гэтым месцы новы будынак. Удумайцеся! Другі б прыйшоў, разрыў бы там усё на чатыры гады, а так я ў сваім двары навяду парадак. Будзе чысценька і дагледжана, — распавёў Станіслаў Сямашка «Вечернему Гродно».

Што там з’явіцца?

Што менавіта будаваць, бізнэсмэн яшчэ не вырашыў. Па ўмовах аўкцыёну, на ўчастку можа з’явіцца адміністрацыйны або гандлёвы аб’ект, рэстаран, гасцініца ці аб’ект аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг, бытавога абслугоўвання.

 — Сёння толькі думкі як у рэжысёра кіно: ходзіш-ходзіш, а думкі прыйдуць падчас абдумванняў, чарцяжоў, дыскусій. Праз месяц-іншы скажу, што там будзе. Але гэта вельмі педантычна, цэлая рэжысура, — дадаў Сямашка.

Колькі каштаваў ўчастак

На таргі прыйшло трое ўдзельнікаў. У выніку ўчастак выкупіў Сямашка за 30 000 рублёў пры пачатковай суме ў 20 000 рублёў, паведамляе «Вечерний Гродно». Пераможца аўкцыёну абавязаны, сярод іншага, пакрыць ЖКГ страты за заняцце ўчастка і знос пліткі ў памеры 15 175 рублёў.

Абмежаванні пры будаўніцтве

Участак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры. Гэта азначае, што работы павінны весціся з улікам праекта ахоўнай зоны цэнтра.

Чытайце таксама: