Офіс грамадскай арганізацыі «Цэнтр «Трэці сектар» ускрылі без прысутнасці сябраў арганізацыі. Ідзе вобшук, паведаміў старшыня праўлення Вітаўт Руднік.

14 ліпеня офіс арганізацыі ўскрылі ў прысутнасці панятых. Была пастанова пракуратуры. Ператрус адбыўся ў межах справы паводле частак 1 і 2 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў, якое пацягнула шкоду ў вялікім памеры).

Раней, 21 чэрвеня, Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама запатрабавала прадставіць мноства дакументаў за 2018−2021 гады дзейнасці. Распачата пазапланавая праверка арганізацыі.

У атрыманым папярэджанні былі прэтэнзіі да асветніцкіх праграм, якія ўпраўленне юстыцыі палічыла нестатутнай дзейнасцю. Раней аніякіх прэтэнзій не было, удакладніў Вітаўт Руднік: установа штогод дасылае ў юстыцыю звесткі пра сваю працу.

14 ліпеня прайшла хваля ператрусаў у праваахоўных і грамадскіх арганізацыях Беларусі. Гаворка ідзе больш чым пра 15 арганізацый і ініцыятыў.

Грамадская арганізацыя «Цэнтр «Трэцi Сектар» працуе з 1997 года. З часу свайго заснавання яна займаецца развіццём грамадскай супольнасці і інфармацыйнай падтрымкай грамадскіх ініцыятыў, медыяадукацыяй, працай са сталымі людзьмі.

Праверкі ад Мінюста зараз праходзяць і ў іншых недзяржаўных грамадскіх арганізацыях: беларускім аб’яднанні літаратараў «ПЭН-цэнтр» (заснаванае ў 1989 годзе), Беларускай асацыяцыі журналістаў (1995 год заснавання), экалагічнай арганізацыі «Экадом» (1996), «Звяно» (2013), міжнароднай грамадскай арганізацыі «Згуртаванні беларусаў свету „Бацькаўшчына“» (1990), якая аб’ядноўвае беларускія дыяспары ў многіх краінах.