Па ініцыятыве Мінскай раённай пракуратуры Мінскі райвыканкам ліквідаваў сацыяльна-культурную ўстанову развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова». Пра гэта 23 ліпеня ў сваім фэйсбук паведаміў стваральнік курсаў Глеб Лабадзенка.

Закрыццё курсаў адбылося нібыта з-за «нестатунай дзейнасці»: выкарыстанні відэа з незарэгістраванай сімволікай і лагатыпам тэлеканала «Б****т». Аспрэчваць ліквідацыю курсаў Глеб Лабадзенка не плануе, спасылаючыся на «цяперашнія ўмовы».

«Безумоўна, гэта сумна. І баліць так жа, як і за іншыя арганізацыі, якія рабілі шмат карыснага і якія ліквідавалі. За сёння нам напісала вельмі шмат людзей, выказваючы словы падзякі і падтрымкі. Так што наша аўдыторыя з намі, ліквідаваўшы ўстанову — не ліквідуеш еднасць людзей. Гэта галоўнае», — распавяла Hrodna.life вядоўца курсаў «Мова Нанова Гародня» Эмілія Комар.

Што такое «Мова Нанова»

Бясплатныя курсы беларускай мовы былі створаны філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенка ў 2014 годзе ў Мінску. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як «Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры». У 2021 годзе курсы праводзіліся ў 15 гарадах. Штотыдзень заняткі наведвала каля 650 студэнтаў.

У Гродне курсы праходзілі з 14 сакавіка 2014 года. Інтэрактыўныя заняткі адбываліся ў «Цэнтры гарадскога жыцця» на Кірава, 3. Прынцыповым момантам арганізацыі было адсутнасць палітычнага ўхілу.

На 23 ліпеня вядома пра больш чым 40 ліквідаваных грамадскіх арганізацый, паведамляе «Вясна». Сярод іх:

  • Медыяплатформа «Имена»
  • Press Club Belarus
  • Офіс па правах людзей з інваліднасцю
  • Арт Сядзіба
  • «Бізнес школа ІПМ»
  • Прэс-клуб
  • Беларускі ПЭН-цэнтр
  • Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора»
  • Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка»
  • Цэнтр экалагічных рашэнняў