Новости

Суткі за кашулю з БЧБ, ператрусы і выклікі ў РАУС. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Гродне ліквідуюць «Студыю карысных кампетэнцый» і «Гродзенскі рок-клуб». 41-гадовага гродзенца затрымалі памежнікі пры спробе пакінуць Беларусь. У Смаргоні судзяць 17-гадовага хлопца. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 26 ліпеня да 1 жніўня.

Анджэя Пачобута пакінулі пад вартай

У судзе Партызанскага раёна Мінска 23 ліпеня прайшло пасяджэнне па скарзе гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суд не задаволіў скаргу і пакінуў пастанову без зменаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як судзяць за абразу сілавікоў і чыноўнікаў

Не менш за 12 крымінальных спраў за абразу супрацоўніка АУС і прадстаўнікоў улады разгледзелі ў Гродзенскай вобласці за першую палову года. Увесну 2021 года было вядома пра 65 асуджаных па Беларусі. Праваабаронцы адзначаюць, што разглядаў больш. Некаторыя абвінавачаныя, па розных прычынах, не пажадалі публічнасці і агалоскі.

Спрэчкі па справе Сакалоўскага

3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму запатрабаваў 28 ліпеня пракурор Сяргей Пятрашка па справе Андрэя Сакалоўскага. За падзеі 6 верасня 2020 года гродзенца абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце над амапаўцамі. Раней яго асудзілі на тры гады калоніі з адтэрміноўкай за махлярства. Фактычна, гэтыя пакаранні могуць злучыць.

Пасярэдзіне — Андрэй Сакалоўскі. Мы замазалі твары міліцыянтаў, бо раней нам намякалі, што гэта могуць палічыць «разгалашэннем асабістых звестак». Фота: Алена Кавальчук

Ліквідацыя «Студыі карысных кампетэнцый» і «Гродзенскага рок-клуба»

Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» і прыватная ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» знаходзяцца у стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня.

Крымінальная справа за БЧБ-сцяг

41-гадовага жыхара Гродна затрымалі памежнікі пры спробе пакінуць Беларусь, паведамляе Telegram-канал прэс-сакратара МУС. На мужчыну выйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Узбуджана крымінальная справа. Міліцыя сцвярджае, што затрыманы замацаваў бел-чырвона-белы сцяг на флагштоку Кургана Славы ў Гродне ноччу 11 ліпеня.

Скрын з відэа прэс-службы МУС Беларусі

МУС: на санумовы ў гродзенскай турме за апошнія 1,5 года ніхто не скардзіўся

У адрас санітарнай службы скаргаў на нездавальняючыя ўмовы ўтрымання ў турме № 1 Гродна ў 2020 і 2021 годзе не паступала. Гэта вынікае з ліста медыцынскай службы Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў па Гродзенскай вобласці, якое рэдакцыя Hrodna.life атрымала ў адказ на свой зварот.

Выклікі ў РАУС

У Наваградку тэлефануюць людзям, якія раней прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», у актуальнай рэдакцыі КаАП — арт 24.23), і выклікаюць у РАУС для пастаноўкі на ўлік, паведаміў адзін з Telegram-каналаў. Рэдакцыі Hrodna.life вядома, што гродзенцам, раней затрыманым або заўважаным на акцыях пратэсту, таксама тэлефанавалі з РАУС і пракуратуры.

Пераслед за кашулю з «Пагоняй»

Пасля матчу паміж футбольнымі камандамі Мастоў і Шчучына затрымалі жыхара Мастоў Андрэя Данілавіча. Тое, што на ім была кашуля з гербам Пагоня, палічылі несанкцыянаваным пікетам.

28 ліпеня суддзя Мастоўскага раённага суда Віталь Сініла прысудзіў Андрэю Даніловічу 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Ператрус у Навагрудку

У Наваградку супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам да мясцовай актывісткі Ірыны Трафімік. Жанчыну выманілі з дому, адключыўшы святло.

Ператрус праводзілі людзі з зброяй, пры гэтым акрамя Ірыны у доме знаходзілася яе маленькая дачка. Нібыта ператрус быў звязаны са справай аб абразе суддзі Наталлі Лобан, якая раней прысудзіла жанчыне штраф у 100 базавых велічынь.

Раней суд Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў Ірыну Трафімік вінаватай у незаконным пікетаванні з лозунгамі 19 чэрвеня, калі яна адпачывала ў лесе ля ракі Моўчадзь, паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёна. Паводле пратаколу, жанчына «публічна дэманстравала сцяг бел-чырвона-белай афарбоўкі, які быў у яе руках, пры гэтым выкрыквала лозунг «Жыве Беларусь!», паведамляе «Гарадзенская вясна».

Суд за сарваны сцяг

30 ліпеня суд Смаргонскага раёна разгледзеў крымінальную справу паводле арт. 370 КК у дачыненні да 17-гадовага Аляксея Краўцова, які 29 траўня на спрэчку з сябрамі сарваў дзяржаўны сцяг з Дома культуры аграгарадка Жодзішкі, зламаўшы пры гэтым дрэўка сцяга коштам 2 рублі 65 капеек.

Пракурор патрабуе пакараць хлопца годам абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміяй»). Прысуд будзе абвешчаны ў панядзелак 2 жніўня, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Чарговы суд за абразу

У кастрычніку 2020 года мужчына на старонцы ў «Однокласниках» пакінуў абразлівы каментар у адрас начальніка ўпраўлення Гродзенскай ДАІ. Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Падчас размовы з праваахоўнікамі мужчына прынёс прабачэнні, паведамляе міліцыя Гродна.

Кратко:

  • Палкоўнік з Гродна ўзначаліць міліцыю ў Гомелі.
  • Сайт і сацсеткі «Б****т» прызналі экстрэмісцкімі.
  • У Мінску пачалі судзіць фігурантаў «цукровай справы».
  • Інстытут Гётэ 30 ліпеня прыпыніў сваю працу ў Беларусі.
  • «Вечар каля млына» ў Караліно адмянілі. Прычына — райвыканкам не даваў дазвол.
  • Ігар Банцэр праз 1,5 месяцы на «хіміі» пачаў атрымліваць медыцынскую дапамогу. У яго праблемы са страўнікам пасля сухой галадоўкі і гепатыт.
  • Кіраўнік Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка паведаміла ў Facebook, што па патрабаванні ўладаў Беларусі яе дадалі ў спіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.
  • Ад палітвязня Дзяніса Івашына па-ранейшаму не выпускаюць лісты з турмы.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Высокая небяспека для грамадства». У Іўі за падпіскі аштрафавалі пастыра

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Іўі судзілі пастыра. Верагодна, гаворка ідзе пра Юрыя Гардзея, пастыра…

18 мая 2024

Натарыус адмовіўся рабіць даверанасць для гродзенца са спісу «тэрарыстаў». Той паскардзіўся ў суд

Беларуса асудзілі паводле некалькіх артыкулаў - у тым ліку за тэракт. Ён адбывае пакаранне ў…

17 мая 2024

У актывісткі страйкама з Гродна на радзіме арыштавалі маёмасць

На актывістку страйкаму "Гроднапрамбуд" Юлію Сліўко завялі новую крымінальную справу. У Беларусі ў яе арыштавалі…

17 мая 2024

Дзяўчынку, якая выпала з атракцыёна ў Лідзе, перавялі з рэанімацыі ў траўматалогію. Што з ёй зараз?

Адзінаццацігадовая дзяўчынка, якая ўпала з вышыні з атракцыёна ў Лідзе, аднаўляецца. Яе перавялі з рэанімацыі…

17 мая 2024

Ва ўдзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой абяцаюць забраць маёмасць у Беларусі

Удзельнікаў акцый на Дзень Волі 25 сакавіка 2024 года ў розных гарадах замежжа беларускія сілавікі…

17 мая 2024

Новы будынак у цэнтры Гродна — пад Новым замкам — адбудуюць паводле гістарычнага выгляду

Будынак праектуюць на набярэжнай проста пад Новым замкам, каля існага бізнес-центра на вул. Заводскай, 13.…

17 мая 2024