У Гродне з 18 жніўня працягнуць маршрут аўтобуса № 5 «Лапенкі-Райсельгастэхніка», паведаміў Аператар пасажырскіх перавозак. Цяпер гэтым аўтобусам можна будзе дабрацца ў гарадскі раён Грандзічы.

З 18 жніўня аўтобус № 5 паедзе па маршруце: прыпыначны пункт «Лапенкі» — вуліца Асфальтавая — вуліца Віктара Саяпіна — вуліца Валянціны Макаравай — вуліца Віктара Глухава — вуліца Белыя Росы — вуліца Ліможа, далей па сваім маршруце без зменаў, назад у тым жа кірунку.

Маршрут змянілі дзеля школьнікаў з мікрараёна Грандзічы, піша «Вечерний Гродно». Зараз яны змогуць дабірацца да школы № 27 на Дзевятоўцы і назад на аўтобусе.

Жылы раён Грандзічы пачалі будаваць у 2018 годзе. Асноўны забудоўшчык — ААТ «Гроднажылбуд». Тут збіраюцца пабудаваць 22 мікрараёны: 14 пад шматпавярховую забудову і 8 — для прыватных дамоў. Усяго па планах тут будуць пражываць 65 тысяч чалавек.

На цяперашні момант дабудаваныя Грандзічы-2 і частка Грандзічаў-3, ідуць грамадскія абмеркаванні забудовы Грандзічаў-4. Да вуліцы Саяпіна (Грандзічы-2) можна даехаць таксама на тралейбусе № 23.