Гродзенка падчас суботняй прамой лініі з намеснікам старшыні аблвыканкама Віктарам Пранюком паскардзілася, што ў Дзяржаўтаінспекцыі ўтвараюцца вялікія чэргі. Для таго, каб здзейсніць неабходную працэдуру, прыходзіцца падоўгу чакаць, паведамляе «Гродзенская праўда».

Віктар Пранюк падкрэсліў, што такая тэндэнцыя цяпер назіраецца, аднак у гэтым ёсць і віна саміх грамадзян.

 — Пра тое, што ў краіне ўведзены новы транспартны падатак, былі праінфармаваныя ўсе і не адзін раз. Але чамусьці да гэтага часу ніхто не спяшаўся вырашаць пытанні, да прыкладу, са здыманнем з уліку непрыдатных аўтамабіляў. Зараз жа, напярэдадні выплаты падатку, людзі ажывіліся, адсюль і чэргі. ДАІ ў сваю чаргу робіць усё магчымае, каб грамадзяне як мага хутчэй атрымлівалі неабходную паслугу, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Гродзенцы могуць стаяць у чэргі ў ДАІ па двое сутак. Дайшло да таго, што ў Гродне з’явілася новая паслуга: чаргу можна купіць. За тры гадзіны чакання прапанавалі 20 рублёў, піша autogrodno.by.