У Лідзе гаражны кааператыў з больш чым 400 гаражамі застаўся без электрычнасці: неабходнае абсталяванне не спраўляецца з нагрузкай. Прадстаўнікі кааператыва звярнуліся да старшыні райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага. Ім, верагодна, прапануюць пабудаваць новую падстанцыю сваімі сіламі або ўкласціся ў рамонт існуючай, паведамляе яго афіцыйны Telegram-канал.
Назва кааператыва не ўдакладняецца. Як доўга гаражы застаюцца без святла, таксама не паведамляецца.
Вярнуць электрычнасць прапануюць за кошт кааператыва
Паводле інфармацыі канала, праблема звязаная з абсталяваннем «Лідагазбуда», якое забяспечвала сілкаванне трансфарматарнай падстанцыі кааператыва. Яно зношанае і ўжо не спраўляецца з нагрузкамі спажыўцоў.
Членам кааператыва, «хутчэй за ўсё», прапануюць тры варыянты вырашэння праблемы: будаўніцтва новай падстанцыі сіламі кааператыва або долевы ўдзел яго членаў у мадэрнізацыі абсталявання на існуючай падстанцыі.
Яшчэ адзін варыянт — падключыцца да іншых сетак, але яны знаходзяцца далёка, таму зрабіць гэта будзе складана.
Канчатковае рашэнне пакуль не прынятае. Кошт работ і тэрміны аднаўлення электразабеспячэння не названыя.
У Лідскім раёне 175 гаражных кааператываў
Раней начальніца ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Лідскага райвыканкама Ганна Пятаева расказала «Лідскай газеце», што ў раёне 175 гаражных кааператываў. З іх 113 — з капітальнымі гаражамі, яшчэ 62 — з металічнымі.
Паводле публікацыі, у 20 кааператывах не было старшыняў. За першае паўгоддзе 2026 года ўдалося абраць шэсць кіраўнікоў. Упраўленне архітэктуры і будаўніцтва ініцыявала 39 агульных сходаў, з іх 19 праводзілі паўторна.
Знайсці старшыняў няпроста: не ўсе гатовыя браць на сябе пытанні вывазу смецця, рамонту дарог і абслугоўвання гаражнага масіву.
У іншым кааператыве электрасеткі абнавілі на ўнёскі ўладальнікаў
«Лідская газета» прыводзіла прыклад ГПК № 46 на вуліцы Яснай, дзе знаходзяцца 174 гаражы. Паводле яго старшыні Андрэя Кулеша, на членскія ўнёскі там абнавілі ўнутраныя электрасеткі: праклалі новы кабель, усталявалі электронныя лічыльнікі і прылады абароны. У 2026 годзе замянілі шафу вынаснога кіравання.
З агульных грошай таксама аплачваюць зямельны падатак, абслугоўванне электрасетак, вываз смецця і іншыя бягучыя выдаткі.
Лідскі райвыканкам раней нагадваў, што гаражныя кааператывы ўтрымліваюцца за кошт унёскаў сваіх членаў. Іх сумы вызначаюць самі ўдзельнікі на агульным сходзе.



