Сёлета на Дні горада ў Гродне пройдзе ўжо традыцыйны фестываль сыру, канцэрты ў некалькіх лакацыях, выступленні рыцараў і анімэ-праграма. На плошчы Тызенгаўза адкрыюць новую гарадскую скульптуру. Святу ў 2021 годзе нават прыдумалі асобную назву.

Дзень горада ў Гродне пройдзе пад назвай «Гродно 3D# Единство». Гэта не тое, што вы падумалі: у 3D вырашылі змясціць словы «древний», «дружественный» і «динамичный». Менавіта гэтыя словы характарызуюць Гродна з розных бакоў, лічаць гарадскія ўлады.

Акрамя асноўнага дня свята, да Дня горада прымяркуюць адкрыццё памятнага знаку ў гонар пачатку будаўніцтва жылога комплексу «Пагараны-Кашэўнікі» 14 верасня, піша «Гродзенская праўда». 16 верасня на плошчы Леніна пройдзе ўрачыстая цырымонія: горад атрымае новыя аўтобусы.

Плошчы горада і фотавыстава

Першым мерапрыемствам 18 верасня, а 10:30 стане прэзентацыя выставы «Імгненні гродзенскай прыгажосці» ад аўтараў фотаклуба «Гродна» ў Гродзенскай выставачнай зале (Ажэшкі, 38).

На плошчы Тызенгаўза, а 11:00 адкрыюць новую гарадскую скульптуру «Лава архітэктараў». Яе прысвецяць архітэктарам і будаўнікам, важным для Гродна: Джузэпэ дэ Сака, Тызенгаўзу, Ёгану Мезеру і нават Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, які ў свой час актыўна ўмешваўся ў чарцяжы і ўплываў на выгляд горада.

Тамсама, на плошчы Тызенгаўза, з 10:00 да 23:00 размесціцца святочны гандаль і пляцоўка грамадскага харчавання на 1000 пасадачных месцаў.

На плошчы Савецкай з 10:00 да 19:00 пройдзе VIII Адкрыты фестываль сыру з канцэртнай праграмай.

Праграма па лакацыях

Плошча Леніна:

11:30−12:15 — урачыстае адкрыццё Дня горада. Узнагародзяць гродзенцаў, якіх уганаравалі званняў «Ганаровы грамадзянін горада Гродна», «Чалавек года горада Гродна» і ўнеслі ў «Кнігу славы» горада. Павіншуюць бацькоў першага гродзенца, які нарадзіўся 18 верасня, і прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар Гродна. У момант адкрыцця над плошчай праляціць паветраны шар з афіцыйным дзяржаўным сцягам і гербам Гродна.

12:15−19:30 — святочны канцэрт;

19:30−23:00 — выступленні Кая Метава, гурта «Прэм'ер-міністр», Vavan;

22:00 — феерверк, вогненнае і светлавое шоу.

Вуліца Дзяржынскага, Ажэшкі:

12:00−17:00 — «Алея творчасці» на ходніку вуліцы Дзяржынскага;

12:00−18:00 — выстава-прэзентацыя аўтамабіляў Geely і Hyundai;

12:00−17:00 — выстава гладыёлусаў з тэматычнай кніжнай экспазіцыяй (пляцоўка рэстарана «Каралеўская паляванне»).

Парк Жылібера:

12:00−17:00 — у швейцарскай даліне арганізуюць рыцарскія турніры, паказальныя выступленні па славянскіх адзінаборствах, сярэднявечныя песні і танцы, фотазоны на тэму Сярэднявечча, можна будзе пастраляць з лука і арбалета;

12:00−16:00 — «горад прафесій» для дзяцей (пляцоўка малога фантана);

12:00−17:00 — медыцынскі гарадок, парк Жылібера (алея перад Тэатрам лялек);

12:00−17:00 — інтэрактыў з лялькамі і пастаноўкай ад прафесійных акцёраў перад Тэатрам лялек;

12:00−17:00 — «Сямейны квартал» з зонамі забаў і творчымі актыўнасцямі каля большага фантана;

12:00−19:00 — на пляцоўцы летняй сцэны — лакацыя «Танцуючы горад» з канцэртам калектываў горада і вобласці, ColorFest.

Вуліца Савецкая:

12:00−20:00 на пляцоўцы моладзевага цэнтра «Гродна» выступяць кавер-гурты і пройдзе тэматычная праграма «Анімэ» з касплэй-шоў. Хэдлайнерам пляцоўкі заявілі спартыўнага каментатара і музыку Сяргея Собаля;

23:00−19:00 — лакацыя «Гуляем разам» (пляцоўка Дома прафсаюзаў).

Вуліцы Тэльмана, Калючынская:

12:00−17:00 — лакацыя, прысвечаная фестывалю культур. Тут будуць песні, танцы, музыка і кухня розных нацыянальнасцяў.

Вуліца Дарвіна (назіральная пляцоўка)

17:00−18:00 — канцэртная праграма ад арт-праекта «Ратонда-Арт».

Рыцары, сыр і загадкавая назва. Як пройдзе Дзень горада - 2021 у Гродне (праграма)