Імпрэза «Масленіца па-гродзенску» адбудзецца 4 сакавіка на Савецкай плошчы. Яе аб’ядналі з кірмашом «Казюкі», паведаміў Telegram-канал «Гродна Плюс». Раней святкаванне «Масленіцы» адмянілі праз кепскае надвор’е.

Масленіцу адсвяткуюць разам з Казюкамі: калі і дзе ў Гродне адбудуцца праводзіны зімы
Святкаванне масленіцы ў лесапарку «Пышкі». Архіўнае фота Hrodna.life

Фестываль «Масленіца па-гродзенску» пачнуць у 12:00. Праграма запланавана да 17:00. Паводле афішы там будуць «забавы на любы густ і ўзрост», скокі, карагодныя спевы, спартовыя спаборніцтвы і гульні.

Паралельна будзе адбывацца іншае свята

Паралельна з «Масленіцай» будзе адбывацца кірмаш «Казюкі». На Савецкай плошчы ўсталююць намёт. У ім выставяць вырабы з саломы, таксама на плошчы адбудуцца майстар-класы ад рамеснікаў і майстроў з раённых дамоў рамёстваў.

Чытайце таксама: «Ніводнай заяўкі з-за мяжы». На Казюкі ў Гродне збяруцца толькі беларускія рамеснікі

Летась масленіцу таксама святкавалі ў цэнтры

У 2022 годзе гарадскія чыноўнікі вырашылі адзначаць Масленіцу на плошчы Леніна. Тады святкаванне выпала на 6 сакавіка (паводле традыцыі - за 56 дзён да праваслаўнага Вялікадня).