У Гродне зноў перапрафілявалі пад прыём хворых з каронавірусам гарадскую клінічную бальніцу № 2. Працаваць з пацыентамі з пацверджаным COVID-19 яна пачала 21 верасня. Гэта звязана з ростам захворвання ў Гродне цягам апошняга тыдня.

Пацыентаў з каранавірусам у Гродне зараз прымае таксама Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца, Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі і Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Фтызіятрыя», паведамляе «Гродна Плюс».

Звесткі аб папярэдніх перапрафіляваннях бальніц у Гродне ёсць толькі за 2020 год. Пазней пра гэта паведамляць перасталі. Тады ў Гродне з каранавіруснымі пацыентамі працавалі Гродзенская абласная інфекцыйная бальніца, гарадскія бальніцы № 2 і № 3, Гродзенская абласная бальніца медрэабілітацыі, Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Фтызіятрыя» і Гродзенская ўніверсітэцкая клініка. Узімку 2021 года з COVID-19 працавала і гарадская клінічная бальніца № 4. У лютым гарадскія бальніцы пачалі вяртаць да нармальнага рэжыму працы.

Агулам у бальніцах Гродзенскай вобласці 8 903 ложкаў. У пік захворвання на каранавірус у вобласці было перапрафілявана больш 40% ложкавага фонду, з пацыентамі з COVID-19 працавалі 2,5 тысячы лекараў, расказаў Дзмітрый Піневіч ў сакавіку 2021 года.

У сярэдзіне жніўня 2021 года ў Беларусі было занята пад COVID-19 6 000 ложкаў. «Калі на 1 студзеня 2020 года ў краіне працавалі 8 700 кіслародных пунктаў, то цяпер — 20 700», — казаў тады міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. На дадзены момант пад пацыентаў з COVID-19 перапрафілявана амаль траціна з 100 тысяч ложкаў, якія ёсць у Беларусі. Асноўная частка з перапрафіляванага фонду яшчэ пустуе. Перапрафіляванне ложкаў у рэгіёнах адбываецца прэвентыўна, растлумачыў 20 верасня Піневіч.

«Чацвёртую хвалю мы ўжо анансавалі - паводле прагнозаў яна павінна была прыйсці. На жаль, халоднае надвор’е спрыяе росту захворвання. Зараз мы знаходзімся амаль на самых высокіх лічбах мінулых хваляў. Складанасць у тым, што гэтыя лічбы паўтараюцца з дня ў дзень, у тым ліку па шпіталізацыі. Надзвычайнай сітуацыі няма, але патрабуе напружання сіл сістэмы аховы здароўя», — сказаў Дзмітрый Піневіч 20 верасня ў час наведвання бальніцы № 10 у Мінску.

20 верасня ў Беларусі было пацверджана 1 941 новых выпадкаў COVID-19 за суткі, выпісаныя — 1 295 пацыентаў з каранавірусам, памерлі - 12 пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Усяго на 20 верасня з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 518 369 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, ачунялі 504 561 пацыентаў, памерлі 4 016 пацыентаў з пацверджаным каранавірусам.

Чытайце таксама: