Будаваць мікрараён на месцы закінутага ваеннага гарадка № 15 на Фолюшы вырашылі пачаць гэтай вясной. Дэталёвы праект забудовы прэзентавалі 26 студзеня ў Гродзенскім гарвыканкаме. Новабудоўлі з’явяцца ў раёне вуліц Соламавай, Фолюш, Хвойнай і ракі Ласасянкі. Забудоўшчык плануе максімальна захаваць дрэвы і зменіць канфігурацыю некаторых дамоў з улікам апытання жыхароў новых дамоў на Лідскай.
Тэрыторыя забудовы будзе паміж шматкватэрнай жылой забудовай на поўначы і ўсходзе, камунальнай забудовай уздоўж вуліцы Суворава, рэчкай Ласасянкай і дзейнай вайсковай часткай, ад парку на месцы былых агародаў «Шанхая» да АЗС «Беларуснафта» на Соламавай і помніка ваеннапалонным «Шталага».
Будаўніцтва мікрараёна плануюць пачаць у красавіку-траўні 2022 года, піша «Вечерний Гродно». Пад забудову пойдзе 84,7 гектараў. Раней будаўніцтва збіраліся пачаць у канцы 2021 года.
Усяго пабудуюць 17 жылых дамоў агульнай плошчай 138,3 тысяч кв. метраў. У іх будзе 1002 трохпакаёвых, 845 двухпакаёвых і 145 аднапакаёвых кватэр. Мяркуюць, што пасля здачы ў эксплуатацыю раёна там будзе жыць 5,2 тысяч чалавек.
![Не будуць зносіць казармы, каб захаваць дрэвы. Як вырашылі забудоўваць Фолюш і калі пачнуць](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/ru/wp-content/uploads/2022/01/folush_5-2.jpg)
Самы нізкі будынак будзе ў тры паверхі. Самыя высокія — два будынкі па 16 паверхаў. Яны размесцяцца ў цэнтры забудовы. У іх адкрыюць дзіцячую і дарослую амбулаторыі.
Каля зоны адпачынку ля Ласасянкі ўзвядуць тры дамы-«змейкі». Яны будуць вышынёй у 5−7 паверхаў і з больш сечанымі выгінамі, чым у «змейках» на Лідскай. Да такога рашэння прывяло апытанне жыхароў такіх дамоў на Лідскай.
Дзіцячы садок і пачатковая школа будуць сумешчанымі. Аб’ект разлічваюць на 500 дзяцей. Ён з’явіцца каля ўжо заселеных трох дамоў-«свечак» у канцы вуліцы Фолюш перад школай № 37. Асобна новай школы вырашылі не будаваць — па падліках, павінна хапіць існуючай.
![Не будуць зносіць казармы, каб захаваць дрэвы. Як вырашылі забудоўваць Фолюш і калі пачнуць](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/ru/wp-content/uploads/2022/01/folush_6-2.jpg)
Пры праектаванні вырашылі максімальна захаваць тыя зялёныя насаджэнні, якія ёсць, патлумачыў забудоўшчык «Гроднажылбуд». Праз гэта адмовіліся ад зносу некаторых былых казармаў, каб цяжкай тэхнікай не пашкодзіць дрэвы.
Чытайце таксама: