Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазволіла лекарам ставіць дыягназ «інфекцыя COVID-19» пры наяўнасці клінічных і/або рэнтген-тамаграфічных дадзеных. ПЛР-тэст або антыген-тэставанне на амбулаторным этапе для гэтага зараз можна не праводзіць.

Выключэнне складуць выпадкі, калі патрабуецца шпіталізацыя пацыента ў стацыянар. Загад № 108 пра гэта падпісаны ў Міністэрстве аховы здароўя 31 студзеня 2022 года.

Згодна з дазорнымі даследаваннямі беларускіх эпідэміёлагаў, зараз пераважае вірус SARS-CoV-2, удакладнілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Этыятропнага (якое знішчае прычыну. — Заўв. Hrodna.life) лекавання ад каранавіруса як такога няма, паведамляе ведамства. Таму вынік лабараторнага тэсту на COVID-19 ніяк не адбіваецца на лекаванні.

Калі захворванне працякае ў лёгкай форме, пацыента назіраюць у хатніх умовах. Ён мусіць выконваць усе рэкамендацыі лекара, у тым ліку багата піць, прымаць парацэтамол пры павышэнні тэмпературы і як звычайна лекаваць сімптомы. Калі медработнікі вызнаць дыягназ «пнеўманія», то адпаведна яе і будуць лячыць.

Такую норму прынялі для зніжэння рызыкі заражэння вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку COVID-19, пры наведванні паліклінік.

Прычынай сталі чэргі

У Беларусі, асабліва ў Мінску, 31 студзеня да паліклінікаў выстраіліся вялізныя чэргі на прыём да тэрапеўтаў і здачу ПЛР. Да гэтага тры дні запар Міністэрства аховы здароўя фіксавала антырэкорд па колькасці хворых на каранавірус. Вялікія чэргі адзначылі і ў Гродне. Чытачы Hrodna.life не маглі датэлефанавацца ў Цэнтральную паліклініку, таксама там была чарга на паўтары гадзіны, каб здаць ПЛР. Дзве гадзіны чакалі прыёму ў паліклініцы № 3, у паліклініцы № 5 у чарзе было «ўнутры чалавек 40 і на вуліцы таксама». Чэргі адзначалі і на мінулым тыдні. Адзін з чытачоў увечары 30 студзеня чакаў брыгаду хуткай дапамогі тры гадзіны.

Званкі ў кол-цэнтр, тэрміны назірання

Зараз пацыентаў з пацверджаным каронавірусам назіраюць дома з выкарыстаннем тэлефоннай сувязі да знікнення клінічных сімптомаў. Ім уручаюць патрабаванні аб выкананні правілаў самаізаляцыі.

  • Хворых з безсімптомным ходам хваробы актыўна назіраць не будуць. Пры з’яўленні клінічнай сімптаматыкі яны павінны будуць патэлефанаваць у кол-цэнтр. Перыяд назірання (ізаляцыі) — да 7 дзён з даты здавання біялагічнага матэрыялу.
  • Пацыентаў з лёгкай формай COVID-19 і без фактараў рызыкі цяжкага ходу будуць назіраць не радзей за 1 раз на 3 дні да клінічнага выздараўлення. Перыяд назірання (ізаляцыі) — да 10 дзён з даты з’яўлення клінічных сімптомаў COVID-19.
  • Пацыентаў з сярэднецяжкай формай захворвання, або з лёгкай формай і з фактарамі рызыкі будуць назіраюцца штодня да клінічнага выздараўлення. Пры неабходнасці перыяд назірання (ізаляцыі) — да 21 дня з даты з’яўлення клінічных сімптомаў каранавіруса.

Новыя нормы зацвердзілі 25 студзеня.

Асноўныя сімптомы новага штаму

У Міністэрстве аховы здароўя адзначаюць, што вакцынаваныя і рэвакцынаваныя пацыенты хварэюць на штам каранавіруса «амікрон» на працягу некалькіх дзён, пры гэтым ён праходзіць як вострая рэспіраторная інфекцыя, а не пнеўманія.

Да асноўных сімптомаў пры захворванні амікрон-штамам адносяць боль у горле, кашаль, насмарк, у некаторых павышаецца тэмпература, ёсць ламата ў целе і слабасць.

Дзе лечаць пацыентаў з кавідам у Гродне

У бальніцах Гродзенскай вобласці ўсяго 9 678 ложкаў, з іх для пацыентаў з каранавірусам перапрафіляваны 984 ложкі.

У Гродне такіх пацыентаў лечаць у Абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы, Абласной клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, часткова ГОКЦ «Фтызіятрыя» і гарадской клінічнай бальніцы № 2. Новых устаноў пакуль не перапрафілявалі. Таксама ў Гродне шпіталізуюць жыхароў Бераставіцкага і Шчучынскага раёнаў з каранавірусам.

У вобласці для пацыентаў з COVID-19 працуюць чатыры міжраённыя цэнтры. Гэта Астравецкая ЦРБ (шпіталізуюць пацыентаў з Астравецкага і Ашмянскага, Смаргонскага раёнаў), Ваўкавыская ЦРБ (адносіцца Ваўкавыскі, Мастоўскі і Свіслацкі раёны), Лідская ЦРБ (Лідскі, Іўеўскі, Воранаўскі, Навагрудскі раёны), Слонімская ЦРБ (Слонімскі, Зэльвенскі, Дзятлаўскі, Карэліцкі раёны).