Суд Лідскага раёна асудзіў былога падпалкоўніка міліцыі Пятра Буцько з Іўя на шасць гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў перавышэнні ўлады (ч.3 арт. 426 КК), паведаміў «Медыязоне» адвакат Буцько.

Акрамя гэтага, экс-сілавіку прызначылі штраф у памеры 500 базавых (16 000 рублёў). Пракурор запытвала для Буцько пяць гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня Буцько, які пасля звальнення з міліцыі стаў дырэктарам камерцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару «не менш за 12 удараў у вобласць галавы» кулакамі. Тым самым ён «прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджанні». Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго «няма прэтэнзій» да абвінавачанага, паведаміла «Медыязона».

Хто такі Пётр Буцько?

Пётр Буцько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе. У канцы 2020 года ён адбыў 32 дні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, распавядаў падпалкоўнік у інтэрв'ю газеце «Народная Воля».

Ён распавядаў выданню, што тады супраць яго «спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу», але гэтага не адбылося, бо «засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні».

Сілавікі затрымалі Пятра Буцько 20 жніўня 2021 года, правёўшы ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты спіс трапіў і Пётр Буцько — яго пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу.