На 11 лютага на лячэнні з ВРВІ знаходзяцца 406 чалавек, з каранавірусам на прадпрыемстве і ў філіялах 247 супрацоўнікаў, паведамілі ў карпаратыўным выданні «Гродненский химик». Гэта амаль 10% ад калектыву работнікаў. Асаблівых мер на прадпрыемстве не распачалі, але працу забяспечылі, распавёў Hrodna.life адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

Лічбы на прадпрыемстве трымаліся на адным узроўні і пачалі расці ў канцы студзеня. Яшчэ 21 студзеня на прадпрыемстве было 137 супрацоўнікаў з ВРВІ і 26 — з каранавірусам, 24 студзеня — 172 чалавекі з ВРВІ і 42 з каранавірусам. 26 студзеня лічба склала 262 чалавекі з ВРВІ і 42 з каранавірусам, 28 студзеня — 340 і 59 адпаведна. Пік захворванняў быў 4 лютага. Тады з ВРВІ былі 518 чалавек, 209 супрацоўнікаў - з каранавіруснай інфекцыяй. Гэта значыць, лік тых, што заразіўся ВРВІ, вырас ў тры разы, каранавірусам — у восем. Пасля гэтага лічбы пачалі зніжацца.

У кастрычніку 2021 года генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка распавядаў Hrodna.life, што калектыў «Гродна Азот» складаецца з 7000 супрацоўнікаў, а ўсе вакансіі, якія неабходныя для стабільнай працы завода, закрытыя.

«Па адчуваннях так, больш на паперы дапмеры — узмацніць кантроль па ўжыванні сродкаў індывідуальнай абароны і т. п. Працу забяспечылі, асаблівых мер няма», — распавёў Hrodna.life адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

У канцы 2021 года вакцынаваным на прадпрыемстве абяцалі прэмію 250 рублёў.

Чытайце таксама: (Дэ)прэміраванне, выходныя і пагрозы. Як гродзенцаў матывуюць вакцынавацца ад COVID-19

Што адбываецца ў Беларусі?

У пятую, «амікронную» хвалю афіцыйная статыстыка ад Мінздароўя пераваліла за дзве тысячы хворых за суткі 28 студзеня — 2221 новых выпадкаў, 17 памерлых з пацверджаным дыягназам. Пасля быў трохдзённы рост, памяншэнне і зноў рост. 10 лютага ў Беларусі паведамілі чарговы антырэкорд за час пандэміі - 8463 новых выпадкаў за суткі, памерла 14 пацыентаў з каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя не ўдакладняе, ці ўключаюць у гэтую статыстыку дыягназы, пастаўленыя без ПЛР.

Для зніжэння нагрузкі на паліклінікі ў Гродзенскай вобласці задзейнічалі рэсурсы здраўпунктаў буйных прадпрыемстваў, паведамляе БЕЛТА. Якіх менавіта, не паведамілі. «Гэта зручна і для работнікаў. Няма неабходнасці наведваць паліклініку. Гатовыя да прыёму такіх пацыентаў і здраўпункты. Некаторыя з іх адкрылі асобныя ўваходы для пацыентаў з тэмпературай і праявамі вірусных інфекцый, шэраг прымае такіх пацыентаў у адну з змен. У здраўпунктах ажыццяўляецца выдача бальнічных лістоў, арганізавана назіранне за хворымі. Плюс яшчэ ў тым, што лекар, які працуе ў здраўпункце, добра ведае работнікаў прадпрыемства, ведае аб іх хранічных захворваннях, і, адпаведна, не ўпусціць тыя ці іншыя моманты ў лячэнні», — распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда.

Чытайце таксама: «Даслалі ратаваць сусвет». Гродзенскія студэнткі распавялі, як працуюць у паліклініцы і чаму не адпраўляюць на тэсты

Змяняецца палітыка прадпрыемства ў галіне здароўя

Прафагляд у «Гродна Азот» і філіяле «Завод Хімвалакно» прайшлі 3 243 і 1 538 чалавек адпаведна. 79 супрацоўнікаў «Гродна Азот» і 22 работніка «Хімвалакно» не дапусцяць да працы па шкодным і небяспечным вытворчым фактарам. 13 чалавек на прадпрыемстве — з прафесійнымі захворваннямі (захворванне, якое выклікана фактарамі небяспекі працоўнага асяроддзя або характарам працы — Hrodna.life). Іх стан кантралююць лекары, двойчы на год яны праходзяць лячэнне па індывідуальнай праграме рэабілітацыі, паведамляе карпаратыўнае выданне прадпрыемства «Гродненский химик».

У сувязі са зменамі ў Канстытуцыі (у артыкул 45 дадалі прапанову: «Грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя») палітыка прадпрыемства ў дачыненні здароўя будзе будавацца па-новаму. З 2022 года:

  • работнікі, якім па стане здароўя абмежавана знаходжанне ў шкодных умовах працы, адну з частак водпуску абавязаны правесці ў санаторыі;
  • увядуць прафілактыку для прадухілення зніжэння слыху ў супрацоўнікаў, якія працуюць у шуме — напрыклад, закупяць «разумныя» навушнікі;
  • людзям, якія працуюць у шкодных умовах, прапануюць атрымаць іншую спецыяльнасць;
  • абмяркуюць закупку механічных масажных крэслаў.

Таксама з лютага перагледзяць падыходы па кампенсацыі выдаткаў на рэабілітацыю ў санаторыі «Жемчужина» пасля перанесеных захворванняў.