Са статыстыкай заражэнняў каранавірусной інфекцыяй на прадпрыемстве «Гродна Азот» адбываецца нешта дзіўнае: паводле паведамленняў карпаратыўнага выдання «Гродзенскі хімік» колькасць тых, хто захварэў, то расце, то памяншаецца. Можна было б выказаць здагадку, што зніжэнне адбываецца за кошт ачунялых, але іх улік вядуць асобна. Акрамя таго, супрацоўнікаў пратэставалі, але вынікі тэстаў не паведамілі. Hrodna.life аналізуе колькасць заражэнняў на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Гродна.

«Гродзенскі хімік» паведамляе аб ВРВІ і каранавірус на прадпрыемстве з 2-га красавіка. Статыстыку абнаўляюць кожныя некалькі дзён. Упершыню аб трох кантактных першага ўзроўню на прадпрыемстве паведамілі 14 красавіка. Кантактных шпіталізавалі і пратэставалі. Тэсты былі адмоўнымі.

24 красавіка ўпершыню расказалі пра тры выпадкі заражэння каранавірусам на прадпрыемстве. Праз 15 дзён пасля першых выпадкаў заражэння, 5 траўня, упершыню распавялі пра кантакты другога ўзроўню. 11 траўня, праз 17 дзён, паведамілі пра трох ачунялых. Паводле апошніх дадзеных, усяго ачунялі 16 чалавек.

З 19 траўня інфармацыю пра кантакты першага і другога ўзроўню публікаваць перасталі. 18 траўня на прадпрыемстве было заражана 29 чалавек. А 21 траўня, праз тры дні, колькасць заражаных скарацілася да 24.

Тэсты без выніку

14 і 15 траўня, праз некалькі тыдняў пасля першых выпадкаў заражэння, у мабільным медпункце пратэставалі супрацоўнікаў. Зрабілі 88 тэстаў. Тэставанне на каранавірус прайшлі работнікі цэхаў, у якіх раней рэгістравалі выпадкі COVID-19.

Афіцыйна пра вынікі тэставання не паведамляюць. У 90% тэставаных выявілі антыцелы, якія прысутнічаюць у перахварэўшых, распавяла Hrodna.life крыніца на прадпрыемстве.

На прадпрыемстве па тэлефоне адмовіліся даваць каментар Hrodna.life з нагоды асаблівасцяў збору статыстыкі па захворваннях. 19 траўня рэдакцыя Hrodna.life адправіла афіцыйны запыт на прадпрыемства і апублікуе адказ пасля атрымання.

Дзе яшчэ ёсць пытанні са статыстыкай па COVID-19?

Кітай. Кітайскія эпідэміёлагі не запісвалі бессімптомных хворых у статыстыку заражаных каранавірусам. 80% людзей са станоўчым тэстам не патрапілі ў кітайскую статыстыку, паведамляе Bloomberg.

ЗША. Рэальная колькасць ахвяр каранавіруса ў ЗША можа перавышаць афіцыйную статыстыку. Пра гэта заявіў галоўны інфекцыяніст краіны Энтані Фаучы, каментуючы словы сенатара Берні Сандэрса аб відавочна заніжаных дадзеных па памерлых ад COVID-19, паведамляе nv.ua.

Беларусь. Беларускі ўрач-рэаніматолаг, які працуе ў адной з бальніц Мінска, назваў афіцыйную статыстыку заражаных каранавірусом заніжанай у пяць-шэсць разоў. Медык на ўмовах ананімнасці даў інтэрв'ю «Радыё С**бода».

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне