Указ аб узнагароджанні галоўнага пракурора горада Уладзіміра Клішына 15 лютага падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ордэнам «За службу Радзіме» III ступені ўзнагародзілі генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа.

Узнагароды яны атрымалі «за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі і барацьбу са злачыннасцю, плённую дзяржаўную і грамадскую дзейнасць», піша Telegram-канал «Право им**т».

Галоўны пракурор горада ўжо 9 гадоў

Уладзіміру Клішыну 52 гады, нарадзіўся ў Гродне. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы ў 1995 годзе па спецыяльнасці «правазнаўства».

На пасаду пракурора горада ўступіў у 2013 годзе пасля аб’яднання пракуратур Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў у чыне старэйшага дарадцы юстыцыі. Да таго ўзначальваў пракуратуру Кастрычніцкага раёна. Працу ў пракуратуры пачынаў як стажор памочніка пракурора Ленінскага раёна.

З 2014 года Клішын — сябра Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў ад Дамброўскай выбарчай акругі (№ 8).

Чым вядомы Уладзімір Клішын апошнім часам

Пасля выбараў 2020 года ў жніўні сустракаўся з працаўнікамі «Гродножилстроя», яікя пратэставалі, выступаў перад калектывам «Хімвалакно». Па заявах Уладзіміра Клишина былі прызнаныя экстрэмісцкімі шэраг гродзенскіх Telegram-каналаў, у тым ліку былы канал Hrodna.life.

У ліпені 2021 года пракурор выдаў афіцыйнае папярэджанне галоўнаму рэдактару Hrodna.life Аляксею Шоту пра адказнасці за парушэнне артыкула 23.5, 198−1 і 361 КаАП і артыкула 361−4 Крымінальнага кодэкса (парушэнне закона аб СМІ, заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Таксама па пазове Уладзіміра Клішына суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» і ТАА «Гродно Лайф Медиа».

Выступаў у ролі дзяржабвінаваўцы на працэсах па справах прызнанага палітвязнем Канстанціна Паляка і Дзмітрыя Зімніцкага, абскарджанні прысуду Вадзіму Плаўскаму.