Навукоўцы з Гродна прынялі рэзалюцыю. Яны заклікаюць Польшчу адмовіцца ад будаўніцтва памежнай агароджы на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Пра гэта 15 лютага паведаміў тэлеканал «Гродно Плюс».

Штучная агароджа - згуба для прыроды. Гродзенскія навукоўцы заклікаюць Польшчу не будаваць плот на мяжы
Круглы стол з удзелам навукоўцаў. Крыніца: «Гродно Плюс».

Паводле навукоўцаў, штучная агароджа — згуба для навакольнага асяроддзя. «Будаўніцтва плота парушыць міграцыйныя плыні, парушыць памнажэнне гэтых жывёлаў. Таксама прывядзе да механічных пашкоджанняў, траўмаў і без таго абядніць невялікі генафонд. Для раслінных супольнасцяў гэта прывядзе да парушэння суцэльнасці і гідралагічнага рэжыму», — сказаў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяжраўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі тэлеканалу «Гродно Плюс».

Беларускія навукоўцы плануюць супольна з польскімі калегамі падрыхтаваць навуковае абгрунтаванне, чаму нельга будаваць агароджу ўздоўж мяжы. Яго хочуць накіраваць кіраўніцтву Польшчы і Літвы.

Чаму Польшча пачала будаваць плот на мяжы

Будаваць плот на мяжы Польшча пачала ў жніўні 2021 года. Гэта звязана з павялічэннем плыні нелегальных мігрантаў. Уздоўж мяжы плануюць пабудаваць сцяну вышынёй 5,5 метраў і даўжынёй 186 кіламетраў. Кошт праекта ацэньваюць у € 353 млн. Скончыць будаўніцтва плануюць у чэрвені 2022 года.