У Гродзенскую вобласць за 2021 год прыцягнулі амаль $ 259 млн замежных інвестыцый. Гэта амаль на 40% менш чым у 2020 годзе. Асноўныя інвестары — арганізацыі з Аўстрыі, Кіпра, Літвы і Польшчы. Пра гэта паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.

Якія краіны больш за ўсіх інвеставалі ў Гродзеншчыну ў 2021 годзе

Больш за ўсё ў Гродзенскую вобласць інвеставалі арганізацыі з Аўстрыі - 23,6% ад усіх інвестыцый. На другім месцы Кіпр — 18,3%. Трэцяе і чацвёртае месцы займаюць Літва і Польшча — 12,9% і 9,9%. Інвестыцый на 9,7% унеслі міжнародныя арганізацыі.

Інвестыцыі змяншаюцца другі год запар

Паводле дадзеных Белстата, у 2020 годзе сума замежных інвестыцый у Гродзеншчыну склала $ 430 млн. Гэта на 1,9% менш, чым у 2019 годзе.

Колькі і куды інвестуе Гродзенская вобласць

Арганізацыі Гродзенскай вобласці за 2021 год інвеставалі за мяжу $ 46,1 млн. Асноўныя ўкладанні былі накіраваны ў Літву — 58,3%, у Расію — 32,7% і ў Польшчу — 5,5%.