Дрэвы, якія вырубілі на вуліцы Лермантава на тэрыторыі былой дапаможнай школы № 1, павінны кампенсаваць новымі пасадкамі. Таксама на тэрыторыі найстарэйшай у Гродне школы на вуліцы Лермантава нанова правядуць камунікацыі, арганізуюць міні-кацельню і новы ўезд з боку вуліцы Чкалава.

Новыя падрабязнасці рамонту на Лермантава: знішчаныя расліны адновяць, тэрыторыю ўпарадкуюць, зробяць уезд з боку Чкалава (абноўлена)
Былая дапаможная школа на Лермантава. Фота: Hrodna.life

Перад рэалізацыяй праекта неабходна правесці ацэнку ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА). Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце гарвыканкама.

Што плануюць зрабіць на тэрыторыі былой школы

На тэрыторыі былой школы новы ўласнік праводзіць рамонт. Паводле інфармацыі Hrodna.life, у будынку зноў павінна будзе адкрыцца школа — гэтым разам прыватная. У межах рамонту на тэрыторыі хочуць арганізаваць міні-кацельню на прыродным газе. Гэты варыянт выбралі, бо ён будзе ствараць меншыя выкіды ў атмасферу, чым альтэрнатыўны — кацельня на біямасе. Міні-кацельню будуць выкарыстоўваць для атаплення будынка і падагрэву вады ў ім.

Новыя падрабязнасці рамонту на Лермантава: знішчаныя расліны адновяць, тэрыторыю ўпарадкуюць, зробяць уезд з боку Чкалава (абноўлена)
Тэрыторыя былой дапаможнай школы падчас капітальнага рамонту. Фота: Hrodna.life.

Акрамя гэтага, да школы плануюць нанова правесці электра і газазабеспячэнне. З навінак — будзе арганізаваны ўезд на тэрыторыю з боку вуліцы Чкалава. Зараз уезд ёсць толькі ад вуліцы Лермантава.

Праект прадугледжвае захванне расліннасць на тэрыторыі школы. Калі ж яе трэба будзе выдаляць, абавязковымі будуць кампенсацыйныя пасадкі.

Калі можна будзе выказацца грамадзянам і абмеркаваць праект

Справаздача аб АУНА мае быць гатовай да 21 сакавіка. Грамадскія абмеркаванні будуць доўжыцца з 12 сакавіка 2022 года па 11 красавіка 2022 года. У гэты ж перыяд можа прайсці сход па абмеркаванні АУНА. Рашэнне па рэалізацыі, змене або адмене праекта павінна быць прынята да 22 чэрвеня.

Што зараз адбываецца з былой дапаможнай школай № 1

У будынку найстарэйшай гродзенскай школы адбываецца капітальны рамонт. Спачатку яго хацелі перарабіць у «звычайны сучасны будынак», але праект змянілі. Гістарычны выгляд былой школы мусіць захавацца.

Чытайце таксама: Адна з самых старых школ Гродна будзе жыць. Як ідзе рамонт ва «ўсэмцы» на Лермантава і што там плануюць