На пляцоўцы філіяла «Завод Хімвалакно» каля 16.00 25 лютага адбыўся няшчасны выпадак. Памёр супрацоўнік падраднай арганізацыі ПВУП «МАК-трэст», паведаміла карпаратыўнае выданне «Гродненский химик».

Прыватнае вытворчае унітарнае прадпрыемства «МАК-трэст» — невялікая прыватная будаўнічая арганізацыя, якая выконвае рознага роду будаўніча-мантажныя і будаўніча-рамонтныя работы. Таксама займаецца аптовым гандлем будматэрыяламі. Заснавана ў 2003 годзе. У кампаніі працуе да 50 чалавек.

Пры пагрузцы дэманціраваных вокнаў на прычэп ў работніка здарыўся прыступ эпілепсіі. Гэта прывяло да смерці.

На пляцоўку выклікалі медыкаў, міліцыю і прадстаўнікоў аддзела аховы працы і тэхнікі бяспекі.